Мінск 17:37

Мытня спыніла ўвоз у Беларусь 2 кг мефедрона, супраць грамадзяніна Украіны ўзбуджаная крымінальная справа

Фота: ДМК

10 ліпеня, Позірк. Два кілаграмы мефедрона канфіскавана ў грамадзяніна Украіны пры спробе ўезду ў Беларусь праз пункт пропуску Брэст (з польскага боку — Цярэспаль), паведаміў 10 ліпеня Дзяржаўны мытны камітэт (ДМК).

Адзначаецца, што ў ўкраінца выяўленая “партыя асабліва небяспечнага псіхатропу”, пры гэтым ён падаў дэкларацыю на часовы ўвоз свайго аўтамабіля “Опель” і заявіў, што забароненых тавараў не мае.

“Агледзеўшы змесціва сумак, якія належаць яму, мытнік звярнуў увагу на даўкладанні ў дзвюх куртках. Пры выкрыцці з унутраных падкладак было вынята 5 поліэтыленавых пакетаў з крышталападобным рэчывам белага колеру”, — гаворыцца ў паведамленні.

Экспертыза паказала, што рэчыва з’яўляецца мефедронам.

Падкрэсліваецца, што пры правядзенні аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў “ўстаноўленая і затрыманая асоба, якая з’яўляецца атрымальнікам дадзенага тавару”.

Узбуджана крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 3281 КК (незаконнае перамяшчэнне праз дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх прэкурсораў або аналагаў). Максімальнае пакаранне па такім абвінавачванні — пазбаўленне волі на 10 гадоў.

У 2025 годзе на мяжы было затрымана 8,5 млн доз наркотыкаў і псіхатропаў (у эквіваленце) на суму каля 140 млн еўра, паведаміў раней старшыня ДМК Уладзімір Арлоўскі. “І гэта ўсё прыйшло ў Беларусь з ЕС”, — сказаў ён.

Паводле слоў чыноўніка, летась было затрымана дзевяць буйных партый (ад 100 кг) наркотыкаў і псіхатопаў. Ён дадаў, што “самая буйная партыя, якая была ў адным транспартным сродку, — гэта 1.282 кг гашышу і мефедрону”.

За першы квартал 2026 года, падкрэсліў кіраўнік ведамства, затрымана 400 кг наркотыкаў, псіхатропаў і прэкурсораў для іх вырабу. У лютым было выяўлена 260 кг гашышу ў транспартным сродку, які заязджаў з Польшчы, паведаміў ён.

У 2025 годзе колькасць асуджаных паводле “наркатычных” артыкулаў Крымінальнага кодэкса павялічылася на 7,9% у параўнанні з 2024-м, вынікае са звестак Вярхоўнага суда.

За ўчыненне злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў (арт. 327–331, 332), летась асуджаныя 2.253 чалавекі — 8% усіх асуджаных (у 2024-м — 2.088; 6,6%). З іх 2.077, або 92,2%, прызнаныя вінаватымі паводле арт. 328 (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў), у 2024 годзе — 1.956, або 93,7%.

Падзяліцца: