Мінск 15:00

Сужэнцы спрабавалі правезці з Польшчы ў Беларусь незадэклараваную валюту, схаваўшы грошы ва ўпакоўках ад сурвэтак

Фота: прэс-служба ДМК

19 кастрычніка, Позірк. Буйную суму незадэклараваных наяўных грошай выявілі гродзенскія мытнікі ў сужэнцаў, якія ехалі з Польшчы, паведаміла 19 кастрычніка прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэта.

Паводле інфармацыі ведамства, пара ехала рэйсавым аўтобусам праз пункт пропуску Бераставіца (з польскага боку — Баброўнікі). Мяжу яны перасякалі праз “зялёны калідор”, які прадугледжвае, што падарожніку няма чаго дэклараваць. Кожны з сужэнцаў заявіў, што мае пры сабе крыху менш за 10 тыс. долараў у эквіваленце, то бок ніжэй за парог абавязковага дэкларавання.

Аднак пры аглядзе асабістых рэчаў мытнікі выявілі ў сумцы жанчыны яшчэ 3,5 тыс. долараў у эквіваленце, а ў сумцы мужчыны — яшчэ 2,4 тыс. Грошы былі загорнутыя ў сурвэткі і запакаваныя ў пакункі.

На фотаздымках і відэазапісе, апублікаваных ДМК, бачныя долары, еўра і расійскія рублі.

Паведамляецца, што Гродзенская рэгіянальная мытня распачала адміністрацыйныя працэсы паводле ч. 2 арт. 15.1 КаАП Беларусі (перамяшчэнне тавараў, якія трапляюць пад мытнае дэклараванне, праз мытную мяжу ЕАЭС з утойваннем ад мытнага кантролю, то бок з выкарыстаннем схованак альбо іншых спосабаў, якія ўскладняюць іх выяўленне, або з наданнем адным таварам выгляду іншых тавараў, а таксама спроба такога перамяшчэння).

Санкцыя артыкула прадугледжвае штраф — да 30 базавых велічынь (1.350 рублёў) з канфіскацыяй схаваных тавараў, якія трапляюць пад мытнае дэклараванне.

14 верасня ДМК паведаміў пра спыненне падобнай спробы незадэклараванага ўвозу замежнай валюты ў пункце пропуску Беняконі на мяжы з Літвой. Тады грамадзянін Беларусі пры ўездзе на аўтамабілі таксама выбраў “зялёны калідор”. Мытніку ён паведаміў, што мае пры сабе 5,5 тыс. еўра і 200 рублёў, аднак пры даглядзе ў барсетцы мужчыны была знойдзеная ўпакоўка вільготных сурвэтак, унутры якой знаходзіліся яшчэ 5 тыс. еўра.

ДМК нагадаў, што дэклараваць наяўныя сродкі пры ўвозе ў Беларусь або выездзе з яе трэба абавязкова, калі сума перавышае 10 тыс. долараў у эквіваленце.

Падзяліцца: