Мінск 18:27

У Польшчы затрыманыя 11 беларускіх каратыстаў, якія прыехалі на чэмпіянат свету па турыстычных візах

Ілюстрацыйнае фота: karatebelarus.by

19 кастрычніка, Позірк. 11 грамадзян Беларусі і чацвёра расіян затрыманыя ў Польшчы супрацоўнікамі Памежнай аховы, паведамляе Gazeta Wyborcza.

Адзначаецца, што затрыманыя з’яўляюцца спартсменамі, якія ўехалі ў краіну для ўдзелу ў моладзевым (да 21 года) чэмпіянаце свету па каратэ (праходзіў 14–18 кастрычніка ў горадзе Бельска-Бяла). Ім выдадзеныя прадпісанні пакінуць Польшчу цягам васьмі дзён.

Паводле слоў прадстаўніка Сілезскага аддзела Памежнай службы Шымона Масціцкага, беларусы і расіяне ўехалі ў Польшчу па турыстычных візах, што не адпавядала “заяўленай мэце знаходжання”.

Як паведаміў прэзідэнт Польскага саюза каратэ Павел Палтаржэцкі, арганізатары чэмпіянату загадзя атрымлівалі інфармацыю аб тым, што прадстаўнікі Беларусі і Расіі могуць паспрабаваць выступіць на спаборніцтвах, [маючы турыстычныя візы], нягледзячы на “забарону Сусветнай федэрацыі каратэ і Міністэрства спорту Польшчы”.

“Першым сігналам”, сказаў Палтаржэцкі, стала з’яўленне расіяніна на курсах для суддзяў, пасля чаго было праведзена першае затрыманне. Пазней арганізатары звярнуліся да памежнікаў з просьбай праверыць спартсменаў.

Беларускія дзяржСМІ раней анансавалі ўдзел суайчыннікаў у чэмпіянаце свету. Адзначалася, што ў Бельску-Бялу адправіцца 25 спартсменаў. Таксама паведамлялася, што залаты медаль на ЧС выйграў беларус Іван Кудзінаў.

28 лютага 2022 года, праз некалькі дзён пасля пачатку падтрыманай Мінскам расійскай вайсковай агрэсіі ў дачыненні да Украіны, МАК заклікаў спартыўныя федэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў атлетаў з РФ і Беларусі. Гэтая рэкамендацыя была неадкладна і масава прынятая да выканання, у выніку чаго расійскі і беларускі спорт апынуўся амаль у поўнай ізаляцыі.

28 сакавіка 2023 года МАК выпусціў заяву, у якой рэкамендаваў міжнародным федэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расіянам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах пры выкананні шэрагу ўмоў.

7 траўня 2026 года выканкам МАК заявіў, што “больш не рэкамендуе якія-небудзь абмежаванні на ўдзел беларускіх спартсменаў, уключаючы каманды, у спаборніцтвах, якія праводзяцца міжнароднымі федэрацыямі і арганізатарамі міжнародных спартыўных мерапрыемстваў”.

МАК, як заяўлялася, “адмяніў рэкамендаваныя ўмовы ўдзелу для міжнародных федэрацый і арганізатараў міжнародных спартыўных мерапрыемстваў ад 28 лютага 2022 года і 28 сакавіка 2023 года ў той частцы, якая тычыцца Беларусі і беларускіх спартсменаў”.

Пасля гэтага аб допуску беларускіх спартсменаў на свае спаборніцтвы на роўных умовах з прадстаўнікамі іншых краін заявілі аб’яднанні па каратэ, гімнастыцы, фехтаванні, веласпорце, спартыўных танцах, більярдзе, водных лыжах, боксе, тайскім боксе, сучасным пяцібор’і і валейболе, парусным спорце, барацьбе, цяжкай атлетыцы, а таксама Міжнародная федэрацыя студэнцкага спорту, пад эгідай якой у 2027 годзе адбудуцца летняя і зімовая ўніверсіяды.

Падзяліцца: