Мінск 12:20

У Ганцавіцкім раёне распачатая крымінальная справа аб жорсткім абыходжанні з жывёлаю

19 лістапада, Позірк. Крымінальная справа паводле ч. 1 арт. 339¹ КК (жорсткае абыходжанне з жывёлай) распачатая ў Ганцавіцкім раёне (Брэсцкая вобласць), паведаміла 19 лістапада прэс-служба Следчага камітэта.

Паводле інфармацыі ведамства, непадалёк ад аграгарадка Хатынічы быў знойдзены сабака з адрэзанымі лапамі. На месцы выяўлення знявечанай жывёлы працавала следча-аператыўная група — агледжаная тэрыторыя, абыдзеныя двары найбліжэйшых населеных пунктаў.

Цяпер жывёле аказваецца неабходная дапамога ў адной з ветэрынарных клінік Брэста.

У рамках распачатай крымінальнай справы прызначаныя экспертныя даследаванні. Паводле даных СК, праводзяцца следчыя дзеянні і аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, скіраваныя на выяўленне вінаватых асоб і прыцягненне іх да адказнасці.

На пачатку мінулага месяца стала вядома, што ў Гродне мужчына выкінуў з акна дзявятага паверха сабаку, жывёла загінула ад атрыманых траўмаў. Тады УУС Гродзенскага аблвыканкама папярэдне паведаміла, што гэта здарылася ў ноч на 7 кастрычніка ў кватэры сяброўкі жонкі мужчыны.

“Кампанія распівала спіртное, калі госць пачаў паводзіцца агрэсіўна і ўжываць сілу. Жанчыны выбеглі з кватэры, пакінуўшы мужчыну сам-насам з сабакам”, — адзначала тэрытарыяльнае ўпраўленне ўнутраных спраў. Паведамлялася, што ёркшырскі тэр’ер, відаць, паспрабаваў абараніць гаспадыню. Пасля гэтага мужчына ўзяў жывёлу на рукі і выкінуў у акно.

Па факце жорсткага абыходжання з жывёлай, якое прывяло да яе гібелі, была распачатая крымінальная справа. Якая мера стрымання была абраная фігуранту, не паведамлялася.

Базавая санкцыя арт. 339¹ КК — арышт або абмежаванне волі на тэрмін да 2 гадоў. За дзеянне, здзейсненае паўторна або групай асоб, можа быць прызначанае абмежаванне або пазбаўленне волі на тэрмін да 4 гадоў.

Падзяліцца: