Мінск 11:10

З РФ у Беларусь зноў спрабавалі ўвезці буйную партыю замежных тавараў без неабходных дакументаў

Фота: прэс-служба ДМК

11 ліпеня, Позірк. Пра другую за апошні час спробу ўвезці ў Беларусь з Расіі буйную партыю “замежных тавараў народнага спажывання”, якія трапілі на тэрыторыю ЕАЭС без мытнага афармлення, паведаміла прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэта.

Паводле інфармацыі, якую ведамства апублікавала 9 ліпеня, у рамках “спецмерапрыемстваў на беларуска-расійскім участку мяжы” гомельскія мытнікі спынілі грузавік “Вольва” індывідуальнага прадпрымальніка з абласнога цэнтра. Пры праверцы высветлілася, што ён транспартуе больш за 27 тыс. адзінак тавараў без неабходных суправаджальных дакументаў. Кошт партыі — больш за 450 тыс. рублёў (каля 157 тыс. долараў паводле курсу на дзень паведамлення).

У дачыненні да ІП быў ініцыяваны адміністрацыйны працэс паводле арт. 13.12 КаАП (парушэнне парадку набыцця, захоўвання, выкарыстання ў вытворчасці, транспартавання, водпуску і рэалізацыі тавараў). Санкцыя паводле гэтага артыкула для індывідуальных прадпрымальнікаў і юрыдычных асоб — штраф да 50% кошту “прадмета адміністрацыйнага правапарушэння, сумы выручкі, атрыманай ад рэалізацыі тавараў”.

4 ліпеня паведамлялася, што з такім выпадкам сутыкнуліся на мяжы магілёўскія мытнікі. У аўтамабілі DAF, што належыць беларускаму перавозчыку, было знойдзена 88,5 тыс. адзінак тавараў (адзенне, абутак, скураная галантарэя, чахлы для мабільных тэлефонаў ды інш.) коштам больш за 4 млн рублёў (каля 1,4 млн долараў). Кіроўца не меў неабходных транспартных і грузасуправаджальных дакументаў на “тавар, які планаваўся для далейшай рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі”.

Падзяліцца: