Улады будуць сачыць за працай нядобранадзейных сілавікоў на працягу пяці гадоў пасля звальнення са службы

11 ліпеня, Позірк. Рэгулярны маніторынг працаўладкавання асоб, звольненых з вайсковай службы паводле “дыскрэдытацыйных абставінаў <…> з вайсковых пасад, пасад начальніцкага складу, уключаных у кадравыя рэестры” дзяржорганаў і арганізацый, дзе маецца такая служба, усталяваны ўказам № 230, які Аляксандр Лукашэнка падпісаў 9 ліпеня 2026 года.
Згодна з дакументам, апублікаваным 11 ліпеня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, дзяржорганы і арганізацыі, дзе прадугледжаная вайсковая служба або служба ў ваенізаваных структурах, павінны праводзіць такую праверку не радзей за адзін раз на паўгода на працягу пяці гадоў пасля звальнення такой асобы.
“Пры выяўленні фактаў працаўладкавання [такіх] асоб <…> на кіроўныя пасады ў дзяржаўныя органы, арганізацыі дзяржаўнай і прыватнай форм уласнасці адпаведная інфармацыя накіроўваецца <…> у мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы <…> для прыняцця мер рэагавання ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі”, — гаворыцца ва ўказе.
Дакумент таксама ўносіць у шэраг нарматыўна-прававых актаў, якія рэгламентуюць працу ў сілавых структурах, змяненні, якія наўпрост кажуць, якія падставы для звальнення цяпер лічацца дыскрэдытацыйнымі.
Праведзены “Позіркам” аналіз адпаведных актаў паказаў, што для вайсковай службы гэта пазбаўленне вайсковага звання афіцэра або прапаршчыка; прыгавор суда з прызначэннем абмежавання, пазбаўлення волі, пажыццёвага зняволення або смяротнага пакарання альбо з вызваленнем ад пакарання на нерэабілітацыйных падставах; невыкананне ўмоў кантракта больш за два разы на працягу года; адкліканне або адмова ў доступе да дзяржсакрэтаў (з прычыны нязгоды асобы з праверкай у дачыненні да яе ды інш.); здзяйсненне правіны, якая, паводле кантракту, з’яўляецца падставай для яго датэрміновага скасавання.
Для органаў унутраных спраў і па надзвычайных сітуацыях — асуджэнне за злачынства; наяўнасць або набыццё замежнага грамадзянства; невыкананне ўмоў кантракта больш за два разы на працягу года; адкліканне або адмова ў доступе да дзяржсакрэтаў; правіна — падстава для датэрміновага скасавання кантракту; непадача дэкларацыі пра даходы і маёмасць або ўнясенне ў яе няпоўных або недакладных звестак; непадпісанне абавязацельства па выкананні абмежаванняў у рамках заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй; непаведамленне пра ўзнікненні або магчымасці ўзнікнення канфлікту інтарэсаў.
Для Следчага камітэта — асуджэнне за злачынства; звальненне як дысцыплінарнае спагнанне; замежнае грамадзянства; правіна — падстава для датэрміновага скасавання кантракту; адкліканне або адмова ў доступе да дзяржсакрэтаў; непаданая або недакладная дэкларацыя пра даходы; непадпісанне абавязацельства аб антыкарупцыйных абмежаваннях; змаўчанне пра канфлікт інтарэсаў.
Для органаў фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю — невыкананне ўмоў кантракта больш за два разы на працягу года; правіна — падстава для датэрміновага скасавання кантракту; прыгавор за злачынства, які набыў моц; замежнае грамадзянства; адкліканне або адмова ў доступе да дзяржсакрэтаў; непаданая або недакладная дэкларацыя пра даходы; непадпісанне абавязацельства аб антыкарупцыйных абмежаваннях; змаўчанне пра канфлікт інтарэсаў.
Адметна, што ва ўказе гаворыцца пра дыскрэдытацыйныя падставы звальнення з дыпламатычнай службы. Гэта здзяйсненне правіны, несумяшчальнай са знаходжаннем на дыпслужбе; дзеянні, якія цягнуць крымінальную або адміністрацыйную адказнасць паводле заканадаўства Беларусі або дзяржавы знаходжання; парушэнне патрабаванняў заканадаўства аб дзяржсакрэтах, парадку абыходжання са службовай інфармацыяй абмежаванага распаўсюду, калі гэта пацягнула іх разгалашэнне або страту ці стварыла перадумовы да таго.
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 10 ліпеня 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка
- Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- ЭканомікаЗа пяць гадоў колькасць звольненых нядобрасумленных работнікаў вырасла на 5,6%Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка



