Мінск 13:23

Лукашэнка разлічвае на “працяг эфектыўнага і дзейснага партнёрства” з Экватарыяльнай Гвінеяй

Сталіца Экватарыяльнай Гвінеі — Сьюдад-дэ-ла-Пас
Ілюстрацыйнае фота: Adelina Herbas / wikimedia.org

5 чэрвеня, Позірк. Пра гатоўнасць Беларусі да “далейшай сумеснай працы па ажыццяўленні ўсіх намечаных ініцыятыў” заявіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 5 чэрвеня прэзідэнта Экватарыяльнай Гвінеі Тэадора Абіянга Нгему Мбасога з 84-годдзем.

Віншавальнік, згодна з апублікаваным яго прэс-службай тэкстам паслання, адзначыў, што разлічвае на “працяг эфектыўнага і дзейснага міждзяржаўнага партнёрства”.

Лукашэнка запэўніў імянінніка, што “надае вялікае значэнне актывізацыі гандлёва-эканамічнай супрацы” Мінска і Сьюдад-дэ-ла-Пас: “Асабліва актуальнай застаецца задача па напаўненні дасягнутых дамоўленасцей канкрэтным практычным зместам, у першую чаргу праз рэалізацыю ўзаемавыгадных праектаў у сферах сельскай гаспадаркі, будаўніцтва, аховы здароўя і паставак тэхнікі”.

Абіянг Нгема Мбасога кіруе краінай з 1982 года.

Па выніках двухбаковых перагавораў 9 снежня 2023 года ў Малаба (сталіца Экватарыяльнай Гвінеі да 2 студзеня 2026 года) Лукашэнка і Абіянг Нгема Мбасога падпісалі дарожную карту па развіцці супрацы паміж дзвюма краінамі.

Дакумент, разлічаны на 2024–2026 гады, ахоплівае “15 ключавых кірункаў узаемадзеяння”, уключаючы “кааперацыйныя праекты, пастаўкі беларускай тэхнікі і арганізацыю яе абслугоўвання, сельскагаспадарчую сферу, ахову здароўя, фармацэўтыку і рэалізацыю медыцынскага абсталявання, лясную гаспадарку”.

Бакі падпісалі пагадненні пра абарону інвестыцый, прадухіленне двайнога падаткаабкладання і прадухіленне ўхіленняў ад выплаты падаткаў на прыбытак і маёмасць.

Да 1 жніўня 2024 года Беларусь, згодна з пастановай Савета міністраў, мелася адкрыць амбасаду ў Экватарыяльнай Гвінеі, аднак МЗС пра поспехі ў гэтай справе дагэтуль нічога не паведамляла.

Да канца 2024 года ў Мінску павінна было распачаць працу дыпламатычнае прадстаўніцтва Экватарыяльнай Гвінеі, аднак гэтага не адбылося.

Падзяліцца: