Затрыманым мінулай восенню братам з Мінска выстаўленае абвінавачанне ў забойстве з асаблівай жорсткасцю

1 чэрвеня, Позірк. Абставіны забойства, здзейсненага з асаблівай жорсткасцю групай асоб, высветліла ўпраўленне Следчага камітэта па Мінску, паведаміла 1 чэрвеня прэс-служба СК.
Справа накіраваная пракурору для перадачы ў суд.
Паводле інфармацыі ведамства, два браты (54 і 60 гадоў) “распівалі спіртное па месцы жыхарства”. У нейкі момант “адзін з іх накіраваўся ў пад’езд, пачаў гучна крычаць і грукаць у дзверы суседніх кватэр”. “На шум выйшаў мужчына, які супакоіў парушальніка, і яны разам сталі выпіваць у абвінавачанага дома. Неўзабаве паміж адным з фігурантаў і 35-гадовым госцем узнікла сварка”, — гаворыцца ў паведамленні.
Адзначаецца, што “падчас канфлікту старэйшы з абвінавачаных узяў провад ад падаўжальніка і пачаў душыць суседа, а пасля нанёс яму некалькі ўдараў нажом у вобласць шыі і галавы”. “Неўзабаве да супрацьпраўных дзеянняў далучыўся і яго брат, разам яны збілі пацярпелага. Ад атрыманых траўмаў той памёр на месцы”, — заяўляе СК.
“Калі фігуранты ўсвядомілі зробленае, яны вырашылі схаваць злачынства, — паведамляе ведамства. — Забраўшы аўтамабіль з гаража ў Валожынскім раёне, браты змясцілі ў яго рыдлёўкі, мяхі з цэментам і плёнку, а пасля накіраваліся ў лясны масіў Мінскай вобласці, дзе выкапалі яму і, пакінуўшы інвентар, вярнуліся ў кватэру”.
“Дома мужчыны зацерлі сляды крыві, абгарнулі цела забітага ў покрыва і абвязалі яго буксіравальным тросам. Калі на вуліцы стала нешматлюдна, адзін з братоў пашкодзіў пад’язную камеру, а пасля яны вынеслі труп у машыну і накіраваліся да загадзя падрыхтаванага месца. Прыбыўшы ў лясны масіў, абвінавачаныя пагрузілі труп суседа ў яму, засыпалі яго цэментам і грунтам. Пасля гэтага яны вярнуліся да гаража, дзе ў металічнай бондзе спалілі покрыва і нож”, — адзначае камітэт.
З інфармацыі СК вынікае, што расследаванне распачалося праз некалькі дзён пасля здарэння, калі з заявай пра знікненне мужчыны звярнулася ў міліцыю яго маці. Яна распавяла, што папрасіла сына схадзіць да суседзяў і паразмаўляць з імі, каб тыя спыніліся шумець. Сын так і не вярнуўся.
Следча-аператыўная група, якая прыбыла на месца, агледзела прылеглую тэрыторыю. Увагу следчых прыцягнула пашкоджаная камера відэаназірання; у смеццевым кантэйнеры непадалёк ад дома былі знойдзеныя акрываўленыя рэчы.
“Фігурантаў затрымалі ў гаражы Валожынскага раёна, дзе яны хаваліся. Браты прызналіся ў здзяйсненні злачынства і паказалі месца, дзе схавалі труп”, — адзначыў СК.
Мужчынам выстаўленае абвінавачанне паводле п. 6 і 15 ч. 2 арт. 139 КК (забойства, здзейсненае з асаблівай жорсткасцю, групай асоб). Санкцыя — пазбаўленне волі на тэрмін ад 8 да 25 гадоў, пажыццёвае зняволенне або смяротнае пакаранне.
Варта адзначыць, што новая інфармацыя СК крыху адрозніваецца ад звестак, якія гэтае ведамства, а таксама Генеральная пракуратура апублікавалі 5 і 21 лістапада 2025 года.
Раней паведамлялася, што браты выпівалі і гучна слухалі музыку ў позні час у сябе дома. Адзін з іх лёг спаць. “Неўзабаве ў дзверы кватэры пагрукаў 35-гадовы сусед, які папрасіў спыніцца шумець. Паміж ім і гаспадаром кватэры, які не спаў, узнікла сварка. На крыкі выйшаў старэйшы з братоў”, — гаварылася ў леташніх паведамленнях. Сцвярджалася, што старэйшы з братоў некалькі разоў ударыў суседа нажом у вобласць шыі, у выніку чаго той памёр.
Пракуратура паведамляла, што малодшаму з братоў было інкрымінавана ўкрывальніцтва асабліва цяжкага злачынства. Аднак, як вынікае з інфармацыі СК ад 1 чэрвеня, ён браў удзел у забойстве разам са старэйшым братам. Акрамя таго, як цяпер заяўляецца, сусед да канфлікту, які прывёў яго да гібелі, распіваў спіртныя напоі разам з братамі.
- Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- ЭканомікаБеларусь заняла другое месца на тэрыторыі былога СССР па патанненні долара ў траўні і з пачатку 2026 года (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Бяспека, Палітыка, Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Бяспека, Палітыка



