Мінск 21:10

У Мінску праходзіць сустрэча віцэ-прэм’ера Шулейкі і міністра знешнеэканамічных спраў КНДР Юн Чон Хо

Фота: прэс-служба Савета міністраў Беларусі

1 чэрвеня, Позірк. Сустрэча намесніка прэм’ер-міністра Беларусі Юрыя Шулейкі і міністра знешнеэканамічных спраў Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі Юн Чон Хо праходзіць 1 чэрвеня ў Мінску.

Паводле інфармацыі прэс-службы беларускага ўрада, “у перагаворах таксама бяруць удзел прадстаўнікі галіновых органаў дзяржаўнага кіравання дзвюх краін”.

Падрабязнасцяў пакуль няма.

Пра тое, што дэлегацыя эканамічнага блока ўрада КНДР на чале з Юн Чон Хо накіравалася ў Беларусь, паведаміла 30 траўня паўночнакарэйскае інфармагенцтва ЦТАК.

Адзначалася, што 29 траўня група чыноўнікаў “адбыла з Пхеньяна для ўдзелу ў міжнароднай выставе “Белагра-2026″, якая пройдзе ў Беларусі, і ў Пецярбургскім міжнародным эканамічным форуме, які адбудзецца ў Расіі”.

“Белагра” сёлета пройдзе 2–6 чэрвеня ў Мінскім міжнародным выставачным цэнтры, ПМЭФ-2026 — 3–6 чэрвеня.

Аляксандр Лукашэнка наведваў Паўночную Карэю сёлета 25–26 сакавіка (Шулейка быў у складзе дэлегацыі). Па выніках перагавораў са старшынёй Дзяржаўных спраў КНДР Кім Чэн Ынам у другі дзень візіту быў падпісаны дагавор аб сяброўстве і супрацы паміж Беларуссю і Паўночнай Карэяй.

КНДР — закрытая дзяржава з дыктатарскім рэжымам, у дачыненні да якой дзейнічаюць санкцыі Савета Бяспекі ААН, звязаныя з развіццём ядзернай праграмы. Ад моманту заснавання ў 1948 годзе вярхоўная ўлада перадавалася ад бацькі да сына — ад Кім Ір Сена да Кім Чэн Іра, а пасля Кім Чэн Ына.

Беларускія ўлады сталі актыўна заяўляць пра свой інтарэс да Паўночнай Карэі некалькі гадоў таму.

На перагаворах з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным 15 верасня 2023 года ў Сочы Лукашэнка выказаў меркаванне, што РФ, Беларусь і КНДР маглі б “падумаць пра супрацу недзе на траіх”.

Падзяліцца: