За еўрапамкненні Арменіі Лукашэнка ўслед за Крамлём пагражае ёй лёсам Украіны

31 траўня, Позірк. “Армянам трэба быць вельмі акуратнымі, <…> каб, крый божа, не паўтарыць тое, што адбылося ва Украіне”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка, каментуючы еўрапамкненні Ерэвана.
Відэа яго размовы са СМІ ў Астане (Казахстан, 28 ці 29 траўня) апублікаваў тэлеграм-канал “Пул Первого”.
“Таму, перш чым рабіць такі крок (збліжэнне з ЕС. — “Позірк”.), армянскаму народу вельмі сур’ёзна трэба падумаць. Вось адзінае, да чаго я іх заклікаю. Выкажа народ сваё меркаванне — мы з ім пагодзімся”, — сказаў ён.
На сёння, сцвярджае Лукашэнка, Расія прадае Арменіі прыродны газ бяспошлінна: “Магу памыляцца — 150-160 долараў за тысячу кубаметраў. А ў Еўрапейскім саюзе прыродны газ [каштуе] 550-650 долараў за тысячу [кубаметраў] — у шэсць раз даражэй. Вось толькі прыродны газ, я больш ні пра што не кажу”.
Паводзіны Ерэвана, заявіў ён, “даходзяць да прыніжэння Еўразійскага эканамічнага саюза і [яго] членаў”: “Усе аднагалосна з гэтым пагадзіліся”.
За найхутчэйшае правядзенне ў Арменіі рэферэндуму аб членстве ў ЕАЭС або ЕС выказаліся Лукашэнка, прэзідэнты Расіі Уладзімір Пуцін, Казахстана Касым-Жомарт Токаеў і Кыргызстана Садыр Жапараў у сумеснай заяве, прынятай 29 мая на саміце першай арганізацыі ў Астане.
Падпісанты “прымаюць да ўвагі” дзеянні Арменіі, “накіраваныя на ўступленне ў Еўрапейскі саюз, у тым ліку адабрэнне ў 2025 годзе Нацыянальным сходам Рэспублікі Арменія (26 сакавіка. — “Позірк”.) і падпісанне прэзідэнтам Рэспублікі Арменія (4 красавіка. — “Позірк”.) закона Рэспублікі Арменія “Аб пачатку працэсу ўступлення Рэспублікі Арменія ў Еўрапейскі саюз”, а таксама пацвярджэнне Еўрапейскім саюзам еўрапейскіх памкненняў урада Рэспублікі Арменія, выяўленае ў сумеснай дэкларацыі па выніках першага саміту Арменія — Еўрапейскі саюз, прынятай 5 траўня 2026 г.”.
Прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян раней заяўляў, што краіна рухаецца да стандартаў ЕС, але пакуль захоўвае членства ў ЕАЭС. Паводле яго, калі сумяшчаць абодва напрамкі стане немагчыма, далейшы выбар будзе зроблены разам з грамадзянамі краіны.
7 чэрвеня ў Арменіі пройдуць парламенцкія выбары. Масква аказвае на Ерэван палітычны і эканамічны націск. 1 красавіка на сустрэчы з Пашынянам у Маскве Пуцін выказаўся за ўдзел у выбарчай кампаніі прарасейскіх партыяў. У траўні Расея ўвяла абмежаванні на ўвоз шэрагу армянскіх тавараў.
29 траўня Пуцін заявіў: “Крызіс ва Украіне пачаўся калісьці са спроб далучэння Украіны да ЕС. Мы ж не былі супраць”.
ЕАЭС — арганізацыя рэгіянальнай эканамічнай інтэграцыі, якая валодае міжнароднай правасуб’ектнасцю. Палітычнага складніка, у адрозненне ад ЕС, афіцыйна не мае.
Паўнапраўнымі членамі з’яўляюцца Беларусь, Казахстан і Расія (з 1 студзеня 2015 года), а таксама Арменія (з 2 студзеня 2015 года) і Кыргызстан (з 12 жніўня 2015 года).
Краіны-назіральнікі — Куба, Малдова, Узбекістан. Пагадненне аб зоне свабоднага гандлю з ЕАЭС падпісалі В’етнам, Сербія і Сінгапур.
Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны. Напад пачаўся ў тым ліку з беларускай тэрыторыі.
Гібрыдная агрэсія Расіі на паўднёвым усходзе краіны пачалася ў 2014 годзе.

- Бяспека, Палітыка
- Бяспека, Палітыка, Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- ГрамадстваУпершыню за тры гады беларусы не фігуруюць у статыстыцы грузінскай паліцыі пра самагубствыМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЛатвія 66 дзён запар фіксуе актыўнасць мігрантаў ля сваёй мяжы з БеларуссюМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Навіны Германіі
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка


