СК заяўляе пра неабгрунтаваны напад польскіх паліцэйскіх на беларуса, у мясцовых уладаў іншая версія

21 траўня, Позірк. З пагрозай даць “жорсткую прававую ацэнку” і апублікаваць падрабязную інфармацыю пра абставіны страляніны па грамадзяніну Беларусі, якая адбылася ў Польшчы, выступіў Следчы камітэт.
Як паведаміў афіцыйны прадстаўнік СК Сяргей Кабаковіч, ведамства “праводзіць праверку па факце нападу польскіх паліцэйскіх на грамадзяніна нашай краіны”.
Паводле звестак беларускага следства, уначы 12 траўня 60-гадовы ўраджэнец Слоніма (Гродзенская вобласць) знаходзіўся на тэрыторыі Польшчы. Падчас руху па аўтадарозе S8 паблізу горада Сыцуў (Ніжнесілезскае ваяводства) на яго “быў здзейснены цалкам беспадстаўны напад з боку польскіх сілавікоў з ужываннем агнястрэльнай зброі”.
Кіроўца, заявілі ў ведамстве, “атрымаў цяжкія агнястрэльныя раненні галавы і канечнасцяў, таксама пашкоджанні атрымаў аўтамабіль — у выглядзе 29 кулявых адтулін”.
“Нягледзячы на траўмы, пасля мужчыну ўдалося перасекчы мяжу, адкуль ён быў экстрана дастаўлены ва ўстанову аховы здароўя ў вельмі цяжкім стане”, — сказаў прадстаўнік СК.
Ведамства праводзіць праверку, падчас “следчых дзеянняў і аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў” “адноўленая карціна таго, што адбылося, атрыманыя дакладныя звесткі аб месцы нападу, а таксама аб асобах супрацоўнікаў паліцыі”, якія стралялі ў беларуса.
Польскія СМІ паведамляюць пра інцыдэнт у некалькі іншым ключы. Паводле інфармацыі tvn24.pl, у ноч на 12 траўня паліцэйскія з камендатуры Валбжыха (Ніжнесілезскае ваяводства) вырашылі праверыць двух вадзіцеляў, якія знаходзіліся на тэрыторыі МОР (зона абслугоўвання падарожнікаў; такія размяшчаюцца ўздоўж аўтамагістраляў і хуткасных дарог у Польшчы, абсталяваныя паркоўкамі, туалетамі і зонамі адпачынку. — “Позірк”.) каля трасы S8.
Паведамляецца, што адзін з правяраемых кіроўцаў вырашыў бегчы і падчас уцёкаў пераехаў паліцэйскаму ступню. У выніку пасля Пагоні яго затрымалі ў межах Вялікапольскага ваяводства. Другі кіроўца “не нарабіў супрацоўнікам асаблівых праблем”.
“Аднак падчас апісанай сітуацыі да паліцэйскіх пад’ехаў трэці кіроўца — знаёмы абодвух правяраемых мужчын. <…> Мужчына рушыў на паліцэйскіх і праігнараваў іх патрабаванні спыніцца”, — піша польскі партал.
Паліцэйскія адкрылі агонь у бок мужчыны, расцаніўшы яго паводзіны як “актыўны напад на супрацоўніка паліцыі” і палічыўшы, што “пад пагрозай знаходзіліся здароўе і жыццё паліцэйскіх”. Кіроўца быў паранены, супрацоўнікі паліцыі надалі яму першую дапамогу на месцы і выклікалі хуткую, якая адвезла яго ў бальніцу.
“Раненні не пагражалі яго жыццю”, — падкрэслівае партал са спасылкай на прэс-сакратара гарадской паліцыі Валбжыха Марцына Свежы.
Польская пракуратура правядзе праверку абгрунтаванасці і спосабу ўжывання зброі, паліцыя “цяпер высвятляе, чаму адзін з мужчын уцякаў ад праверкі, а другі рушыў на супрацоўнікаў”.
Варта адзначыць, што ад згаданага горада Сыцув да польска-беларускай мяжы па хуткаснай трасе S8 праз Лодзь і аўтамагістралі A2 у бок Варшавы і Брэста — прыкладна 500 км шляху. Следчы камітэт Беларусі не згадаў, якім чынам паранены мужчына ў вельмі цяжкім стане мог праехаць гэтую адлегласць і перайсці мяжу, аднак інфармацыя ад польскіх СМІ пралівае святло на тое, што адбылося.
Паводле сцвярджэння беларускага МЗС, інцыдэнт “прымушае сур’ёзна ўсумніцца ў рэальным узроўні бяспекі, які дэкларуецца польскім бокам“. Ведамства рэкамендавала грамадзянам Беларусі “ўлічваць падобныя рызыкі пры планаванні замежных паездак“: “Як паказвае практыка, нельга выключаць, што законапаслухмяны грамадзянін можа быць памылкова прыняты за правапарушальніка і падвергнуты несуразмернаму сілавому ўздзеянню”.
Аб экстранай шпіталізацыі з агнястрэльнымі раненнямі 60-гадовага жыхара Гродзенскай вобласці паведаміў 18 траўня намеснік начальніка УУС аблвыканкама Максім Руды.
Паводле яго слоў, інфармацыю пра гэта міліцыя атрымала са шпіталя.
“Позірк” накіраваў запыт у польскую пракуратуру з просьбай растлумачыць сітуацыю.

- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаВіцэ-спікер Сейма Літвы: Беларусь — яшчэ адзін ключ да дэмакратычнай, стабільнай і мірнай будучыні рэгіёна і ўсёй ЕўропыМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаБеларус-палітуцякач звярнуўся ў польскую пракуратуру ў сувязі з размяшчэннем яго асабістых звестак у мясцовым тэлеграм-каналеМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Бяспека, Грамадства, ПалітыкаІнстытут пагранічнай службы навучае кіраванню БПЛАМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства
- Бяспека, ГрамадстваКолькасць парушэнняў правілаў пагранічнага рэжыму зніжаецца — ДПКМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Эканоміка
- Бяспека, Палітыка


