Мінск 14:38

БАА: Продажы новых аўтамабіляў у Беларусі ў жніўні абнавілі гадавы максімум

Belgee X50
Ілюстрацыйнае фота: сайт завода "БелДжы"

3 верасня, Позірк. Пра продаж 10,3 тыс. новых легкавых аўтамабіляў у жніўні 2026 года паведамляе Аўтамабільная асацыяцыя “БАА”.

Паводле даных арганізацыі, рынак вырас на 7% у параўнанні з ліпенем 2026 года і на 71,6% у параўнанні са жніўнем 2025-га. Адзначаецца, што апошні месяц лета стаў найлепшым для беларускага рынку новых аўтамабіляў ад пачатку гэтага года.

Асацыяцыя канстатавала, што доля айчынных вытворцаў працягвае павялічвацца — у жніўні яна дасягнула 68% супраць 61,6% у ліпені.

Самай прадаванай мадэллю другі месяц запар застаецца BELGEE X50+. У жніўні на яе прыпаў практычна кожны шосты прададзены ў Беларусі новы аўтамабіль.

Новы максімум таксама ў “зялёным сектары”. У жніўні было прададзена 3,9 тыс. электрамабіляў — амаль на 10% больш, чым у ліпені. Сукупныя продажы ў гэтым сегменце ад пачатку года дасягнулі 19 тыс. аўтамабіляў.

Імпартны сегмент пры гэтым, паводле інфармацыі БАА, застаецца ў “зоне зніжэння”. У жніўні на беларускім рынку прадаваліся аўтамабілі 47 розных імпартаваных брэндаў, аднак у сукупнасці яны занялі толькі 32% рынку.

Дырэктар СЗАТ “БЕЛДЖЫ” Генадзь Свідзерскі адзначыў, што попыт на новыя аўтамабілі застаецца высокім, таму важна захоўваць даступнасць іх набыцця для фізічных асоб з сярэднім узроўнем даходу, у тым ліку за кошт крэдытных праграм.

Спікер таксама заявіў пра неабходнасць далейшага развіцця зараднай інфраструктуры для электрамабіляў. Акрамя таго, на думку Свідзерскага, “уяўляецца мэтазгодным разгледзець пытанне аб адмене льготы па ПДВ для электрамабіляў і гарманізацыі ўмоў рэгулявання з Расійскай Федэрацыяй”.

Паводле яго слоў, гэта можа стварыць больш збалансаваныя ўмовы канкурэнцыі і спрыяць інвестыцыям у вытворчасць і лакалізацыю электрамабіляў, а таксама іх рэалізацыі на рынку Саюзнай дзяржавы.

25 жніўня БАА, аналізуючы сітуацыю на рынку новых легкавых аўтамабіляў, канстатавала “ціск на долю айчынных аўтамабіляў, якія вырабляюцца пераважна з рухавікамі ўнутранага згарання”, з боку льготнага імпарту электрамабіляў.

Падзяліцца: