Мінск 15:38

У Гродзенскім раёне пры рэканструкцыі аб’екта загінуў 64-гадовы рабочы — на яго ўпала больш за тону шклопакетаў

Відэа: СК Стоп-кадр: “Позірк”

14 траўня, Позірк. Пры рэканструкцыі аб’екта ў аграгарадку Парэчча (Гродзенскі раён) 13 траўня загінуў 64-гадовы рабочы, паведамляе Следчы камітэт.

З паддона, усталяванага на бетонным перакрыцці паміж першым і другім паверхамі, на яго ўпалі шклопакеты вагой больш за 1 тону, адзначае ведамства.

“Медыкі шпіталізавалі мужчыну, аднак ад атрыманых траўмаў ён памёр у бальніцы”, — гаворыцца ў паведамленні.

На месцы здарэння працавала следча-аператыўная група, праведзены агляд, “зафіксаваная следавая карціна, апытаныя відавочцы, канфіскаваная дакументацыя, прызначаны шэраг экспертных даследаванняў”.

Абставіны здарэння, а таксама прычыны і ўмовы, якія прывялі да траўміравання рабочага, будуць устаноўленыя Гродзенскім міжраённым аддзелам СК.

Колькасць работнікаў, якія загінулі на вытворчасці, за 10 гадоў павялічылася на 11,1% (з 72 за 2015-ы да 80 за 2025 гады), вынікае з праведзенага “Позіркам” аналізу звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

У Мінскай вобласці яна вырасла ў 2,6 раза (з 8 да 21), у Гродзенскай — на 20% (з 10 да 12); у Брэсцкай і Віцебскай — не змянілася (11 і 8 адпаведна); у Гомельскай — зменшылася на 23,1% (з 13 да 10), у Мінску — на 20% (з 10 да 8), Магілёўскай вобласці — на 16,7% (з 12 да 10).

Падзяліцца: