Мінск 21:51

На захадзе Літвы затрыманы перавозчык нелегальных цыгарэт, у тым ліку беларускіх

Фота: САДМ Літвы

24 красавіка, Позірк. У Шылальскім раёне Літвы затрыманы мужчына, які перавозіў нелегальную тытунёвую прадукцыю. Ён неаднаразова судзімы і ўжо трапляў у поле зроку памежнікаў, паведаміла 24 красавіка Служба аховы дзяржаўнай мяжы (САДМ) гэтай балтыйскай дзяржавы.

Паводле інфармацыі ведамства, напярэдадні літоўскія памежнік і паліцэйскія спынілі для праверкі аўтамабіль “Опель Мерыва” на літоўскіх нумарах, якім кіраваў 48-гадовы жыхар Плунгескага раёна краіны.

У салоне аўтамабіля было знойдзена 2.500 пачкаў цыгарэт марак NZ Gold (вырабляюцца ў Беларусі), а таксама Marlboro Gold і Winston Blue (не выпускаюць у Беларусі з 2021 і 2024 года адпаведна), агульны кошт якіх з улікам падаткаў складае амаль 13,5 тыс. еўра.

Пералічыўшы маркі знойдзеных цыгарэт, памежнае ведамства адзначыла, што яны былі “без акцызных марак”. У той жа час заяўлена, што “за беларускія тытунёвыя вырабы” мужчыну пагражае “штраф ці нават пазбаўленне волі тэрмінам да 4 гадоў”. Па факце “незаконнага абыходжання з падакцызнымі таварамі” распачатае дасудовае расследаванне.

Акрамя таго, паводле інфармацыі САДМ, мужчына кіраваў аўтамабілем, быўшы пазбаўленым правоў кіроўцы. У сувязі з гэтым распачатая адміністрацыйная вытворчасць.

Пасля допыту ён быў вызвалены пад падпіску аб нявыездзе. Цыгарэты і аўтамабіль часова захоўваюцца ў Памежным атрадзе берагавой аховы.

Шылальскі і Плунгескі раёны знаходзяцца на захадзе Літвы, прыкладна ў гадзіне і паўгадзіне язды ад Клайпеды адпаведна. Адлегласць ад мяжы Беларусі да мяжы першага раёна па аўтадарогах складае каля 230 км, да мяжы другога — каля 250 км.

Падзяліцца: