Вільнюс не супраць дыялогу з Мінскам, але на “больш нізкім палітычным узроўні”

21 красавіка, Позірк. Улады Літвы не адмаўляюцца ад дыялогу з Мінскам на “больш нізкім палітычным узроўні”, заявіў 21 красавіка ў эфіры Žinių radijas галоўны дарадца літоўскага прэзідэнта Дэйвідас Матулёніс.
“Дыялог разглядаецца, дыялог у той ці іншай форме маецца, — цытуе чыноўніка партал навін Delfi. — Адпаведна, іншы бок таксама мае паказаць добразычлівасць”.
Разам з тым, звярнуў увагу ён, наяўнасць такога дыялогу, любога іншага “канкрэтнага кантакту”, не азначае змянення літоўскага падыходу. “На гэты момант мы сапраўды не маем прычын мяняць палітыку. Сам па сабе дыялог не з’яўляецца нечым, што дэманстравала б, што мы пачынаем мяняць палітыку. Для гэтага няма ніякіх падстаў”, — падкрэсліў Матулёніс.
Раней міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс заявіў, што марыць пра выдатныя стасункі з Беларуссю. Рэагуючы на гэтыя словы, прэс-сакратар знешнепалітычнага ведамства Беларусі Руслан Варанкоў 20 красавіка сказаў, што Мінск заўсёды выступаў за “добрасуседскія і ўзаемавыгадныя стасункі з Літвой і падзяляе памкненне да іх нармалізацыі”.
Спікер МЗС заявіў пра “поўную гатоўнасць да канструктыўнага дыялогу”: “Як раней стала вядома са СМІ, літоўскім знешнепалітычным ведамствам прызначаны прадстаўнік для ўзаемадзеяння з Мінскам. Мы чакаем камунікацыі па гэтай лініі. Разлічваем, што сумеснымі намаганнямі мы зможам вывесці двухбаковыя стаскнкі на той узровень, пра які казаў спадар Будрыс”.
Калі рэжым Аляксандра Лукашэнкі “сапраўды прадэманструе” намаганні па нармалізацыі стасункаў, “прынамсі, без стварэння напружанасці свайму суседу”, у Літве расцэняць гэта як знак добрай волі, заявіў 2 красавіка літоўскі прэзідэнт Гітанас Наўседа.
Палітык дапусціў магчымасць, што Літва распачне дыялог з рэжымам у Мінску, “але для гэтага маюць быць вельмі выразныя ўмовы”.
“Тыя, што існуюць на гэты момант, вельмі далёкія ад тых, якія можна было б уявіць для пачатку дыялогу. Я б сказаў, што нам варта вельмі канкрэтна заявіць, што калі ў найбліжэйшыя некалькі тыдняў, на працягу чатырох тыдняў, не будзе [уварвання ў літоўскую паветраную прастору метэаралагічных] шароў [з кантрабандай], не будзе нелегальных мігрантаў, усе [раней захраслыя на беларускай тэрыторыі літоўскія] фуры шчасна вернуцца ў Літву, <…> мы расцэнім гэта як знак добрай волі”, — сказаў Наўседа.

- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- ГрамадстваЗа пяць гадоў колькасць асуджаных за нарказлачынствы павялічылася на 12,5%Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- ПалітыкаЗа апошнія двое сутак краіны Балтыі зафіксавалі больш за 220 спробаў пранікнення мігрантаў з тэрыторыі БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Выбары, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка


