Пасля выбараў у ЗША беларускі трэк працягнецца, калі гэта будзе выгадна Трампу — палітаналітык Фрыдман
Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 5 лістапада 2026 года ў 22:12
4 лістапада, Позірк. Стасункі Вашынгтона і Мінска пасля прамежкавых выбараў, якія прайшлі ў Злучаных Штатах Амерыкі, будуць залежаць ад “іх перспектыўнасці і магчымасці дасягнуць чагосьці“. Пра гэта ў каментары “Позірку“ заявіў палітычны аналітык Аляксандр Фрыдман.
“У ЗША ёсць прынцыповая гатоўнасць супрацоўнічаць з Беларуссю, маецца жаданне рэалізоўваць праекты, але яны пакуль ўпіраюцца ў абставіны”, — адзначыў ён.
У прыватнасці, паводле слоў Фрыдмана, амерыканцы гатовыя купляць беларускі калій, а Аляксандр Лукашэнка “з такім жа задавальненнем гэтыя ўгнаенні б прадаваў“, аднак узнікае пытанне транзіту.
Згадаўшы зняцце санкцый з авіякампаніі “Белавія“, эксперт адзначыў: ЗША выгадна, каб беларускі авіяперавозчык папаўняў свой парк менавіта амерыканскімі самалётамі (“Боінг”).
“[Спецыяльны пасланнік прэзідэнта ЗША Джон] Коўл абяцаў, што прыедзе ў Мінск у кастрычніку, але візіт не адбыўся, — канстатаваў ён. — Ягоны прыезд, цалкам відавочна, не звязаны з гэтымі выбарамі. Амерыканец пакуль не прыехаў, таму што бакі не выйшлі на новыя здзелкі”.
Мінулы візіт Коўла ў Мінск у сярэдзіне верасня, упэўнены Фрыдман, “быў зусім няўдалым“: “Беларускія ўлады вырашылі, што не могуць яго адпускаць з пустымі рукамі, таму і вырашылі аддаць хоць кагосьці (на волю выйшла 25 чалавек, іх прымусова вывезлі ў Літву. — “Позірк“.). Ён прыехаў 250 палітвязняў выцягнуць. Калі з’едзе з пустымі рукамі, так, можа, і не прыедзе больш. Таму [Аляксандр] Лукашэнка будзе перыядычна праяўляць актыўнасць, каб усё ж такі гэта амерыканскі кірунак не страціць“.
Ключавым кантэкстам у стасунках Вашынгтона і Мінска Фрыдман назваў перспектывы вайны ва Украіне.
Рэзюмуючы, аналітык выказаў здагадку, што для Лукашэнкі стасункі з амерыканцамі прыемныя: “Бачна, наколькі гэта яму важна, што яго заўважаюць у Белым доме, што з ім сустракаюцца. Аднак у гэты амерыканскі вір з галавой ён кідацца не збіраецца, таму што ведае: Трамп праз некаторы час сыдзе, а хто прыйдзе яму на змену — гэта яшчэ пытанне. І, акрамя таго, амерыканцы далёка, а Расія пад бокам”.
Трамп жа “любіць знаходзіцца там, дзе ёсць поспех”, мяркуе суразмоўца: “Калі будуць нейкія перспектывы для паспяховай рэалізацыі праекта на беларускім кірунку, [ён] у гэтым будзе”.
Пасля фіяска на прамежкавых выбарах, мяркуе Фрыдман, кіраўнік Белага дома астатнія два гады кадэнцыі найхутчэй “будзе займацца больш знешняй палітыкай, чым унутранай”.
Трамп належыць да Рэспубліканскай партыі.
На прамежкавых выбарах 3 лістапада большасць у абедзвюх палатах Кангрэса ЗША атрымала Дэмакратычная партыя. У Сенаце дэмакраты і незалежныя заканадаўцы, якія супрацоўнічаюць з імі, забяспечылі сабе 54 месцы, рэспубліканцы-44. Вынікі яшчэ двух гонак не вызначаныя.
У Палаце прадстаўнікоў дэмакраты атрымалі не менш за 237 мандатаў пры неабходных для большасці 218. Рэспубліканцы забяспечылі сабе 139 месцаў. Падлік працягваецца.
Такім чынам, пасля ўступлення новага складу Кангрэса ў паўнамоцтвы 3 студзеня 2027 года заканадаўчая ўлада пяройдзе пад кантроль дэмакратаў, тады як прэзідэнцкая адміністрацыя застанецца рэспубліканскай.
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- За трэці квартал у Беларусі вырасла адчувальная інфляцыя — Нацбанк (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства



