Мінск 14:56

BelPol: Дакументы сведчаць пра ўдзел МЗКЦ у выкананні 15 расійскіх абаронных замоў

Ілюстрацыйнае фота: сайт МЗКЦ

2 лістапада, Позірк. Пра ўдзел Мінскага завода колавых цягачоў (МЗКЦ) у выкананні 15 дзяржаўных абаронных замоў для ПАТ “Тутаеўскі маторны завод“ (горад Тутаеў, Яраслаўская вобласць РФ) паведаміла 2 лістапада ініцыятыва BelPol са спасылкай на атрыманыя дакументы.

Паводле інфармацыі арганізацыі, звесткі пра гэтыя замовы, уключаючы нумары і даты заключэння кантрактаў, утрымліваюцца ў лісце за подпісам галоўнага канструктара беларускага прадпрыемства.

У іншым дакуменце — лісце згаданага расійскага завода — гаворыцца пра вытворчасць і пастаўкі МЗКЦ рухавікоў для тэхнікі, якая выпускаецца на падставе дзяржаўных кантрактаў з Міністэрствам абароны РФ.

Згодна з прадстаўленымі звесткамі, асноўную частку паставак складаюць адмысловыя колавыя шасі МЗКЦ-7930 “Астролаг“. Заяўлена, што гэтая платформа выкарыстоўваецца, у прыватнасці, для размяшчэння тэхнікі аператыўна-тактычнага ракетнага комплексу “Іскандэр“.

У дакументах таксама пазначаны седлавы цягач МЗКЦ-7415, прызначаны для перавозкі цяжкіх грузаў на паўпрычэпах, уключаючы бронетэхніку.

Пры гэтым BelPol адзначае, што пералік магчымых ужыванняў шасі сам па сабе не дазваляе высветліць камплектацыю кожнай пастаўленай машыны — для гэтага неабходныя спецыфікацыі адпаведных кантрактаў.

Ініцыятыва таксама звярнула ўвагу на справаздачу Тутаеўскага маторнага завода за 2024 год. У ёй расійскае прадпрыемства паведаміла пра аднаўленне тэхнікі, задзейнічанай у “спецыяльнай ваеннай аперацыі“ (так у РФ называюць развязаную ёю поўнамаштабную вайну супраць Украіны), і падтрыманне запасу камплектуючых для аператыўных паставак.

Паводле ацэнкі BelPol, дакументы дазваляюць прасачыць вытворчы ланцужок, які звязвае расійскага вытворцу рухавікоў, беларускага вытворцу шасі і расійскае Мінабароны, і сведчаць пра ўключанасць МЗКЦ у сістэму забеспячэння арміі РФ.

Пра тое, што МЗКЦ працягвае супрацоўнічаць з прадпрыемствамі расійскага ваенна-прамысловага комплексу, арганізацыя BelPol паведамляла таксама 5 кастрычніка. Тады такая выснова была зробленая на падставе атрыманых арганізацыяй дакументаў, якія сведчаць пра заключэнне кантракта паміж беларускім прадпрыемствам і маскоўскім АТ “Абарончыя сістэмы“ на “пастаўку 20 шасі МЗКЦ-8021-021, а таксама па пяць шасі МЗКЦ-8022-021 і МЗКЦ-80211-021“.

Прадстаўнік BelPol Уладзімір Жыгар 22 траўня на III Кангрэсе па палітвязнях у Беларусі заявіў, што “Еўрапейскі саюз перастаў уводзіць санкцыйныя пакеты выключна па Беларусі“.

“Пры гэтым беларуская прамысловасць усё больш і больш уцягваецца ў вайну, — канстатаваў ён. — Мы часам не паспяваем хутка рэагаваць. Год таму быў уведзены пакет — там быў МЗКЦ. І толькі праз год быў уведзены санкцыйны пакет, санкцыйны кейс у дачыненні да “ВОЛАТ-САНЦЗЯН“ — кампаніі, якая пастаўляе каробкі перадач для шасі МЗКЦ, якія рамантуюцца на акупаваных тэрыторыях, з якіх страляюць па ўкраінскіх гарадах“.

МЗКЦ фігуруе ў 17-м пакеце санкцый супраць Расіі ў сувязі з агрэсіяй ва Украіне, які Савет ЕС зацвердзіў 20 траўня 2025 года. У абгрунтаванні гаварылася, што “беларускае вайскова-прамысловае прадпрыемства распрацоўвае вайсковую тэхніку для Узброеных сіл РФ і падтрымлівае абараназдольнасць Расіі“.

“Толькі ў 2024 годзе агульны аб’ём экспарту прадпрыемства склаў 306 вагонаў вайсковай тэхнікі, у асноўным пастаўленых расійскім прадпрыемствам, якія ўваходзяць у вайскова-прамысловы комплекс Расійскай Федэрацыі. У 2025 годзе прадпрыемства працягнула экспарт вайсковай тэхнікі ў Расійскую Федэрацыю“, — адзначалася ў дакуменце.

МЗКЦ спецыялізуецца на вытворчасці вялікагрузных колавых транспартных сродкаў высокай праходнасці. Прадпрыемства ўжо знаходзіцца пад санкцыямі ЕС са снежня 2020 года, прынятымі за парушэнні правоў чалавека ў Беларусі.

Са снежня 2020 года МЗКЦ знаходзіцца пад санкцыямі Вялікабрытаніі, з лютага 2022-га — ЗША, сакавіка 2022-га — Канады, кастрычніка 2022-га — Украіны.

Падзяліцца: