Мінск 15:02

Прадстаўнікі дыпкорпуса ЕС і Вялікабрытаніі наведалі Курапаты ў гадавіну расстрэлу дзеячаў беларускай інтэлігенцыі

Фота: Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі

30 кастрычніка, Позірк. У 89-ю гадавіну расстрэлу дзеячаў беларускай інтэлігенцыі 30 кастрычніка прадстаўнікі акрэдытаванага ў Мінску дыпламатычнага корпуса краін Еўрасаюза і Вялікабрытаніі наведалі ўрочышча Курапаты на паўночна-ўсходняй ускраіне беларускай сталіцы, дзе пахаваныя ахвяры сталінскіх рэпрэсій 1937-41 гадоў.

Пра гэта паведаміла прадстаўніцтва ЕС у Беларусі.

У прэс-рэлізе адзначаецца, што, паводле некаторых ацэнак, колькасць забітых магла дасягнуць і нават перавысіць 100 тыс. “Археолагам удалося ўстанавіць Імёны толькі дваіх (Мойша Крамер і Мардыхай Шулькес. — “Позірк”.). Архівы па-ранейшаму закрытыя”, — канстатуе прадстаўніцтва.

Амбасада Германіі па выніках візіту ў Курапаты адзначыла, што “кожны год многія беларусы ўшаноўваюць памяць гэтых забітых культурных дзеячаў”. “Памяць пра іх захоўваюць і падтрымліваюць і ў Германіі. Так, 29 кастрычніка ў Берлінскім літаратурным калоквіуме прайшло мерапрыемства “Ноч нерасстраляных вершаў 2026. Сустрэча са знішчанай беларускай літаратурай”. Сёлета “Ноч нерасстраляных вершаў“ была прысвечаная літаратурным гурткам, якія сталі формай арганізацыі беларускай літаратуры ў перыяд 1920-х і 1930-х. Мерапрыемства прайшло на беларускай, ідышы і нямецкай мове”, — гаворыцца ў паведамленні.

Заходнія дыпламаты наведваюць Курапаты штогод у канцы кастрычніка. У Беларусі пасля 2020 года гэта адзіныя людзі, якія могуць гэта зрабіць без боязі за сваю свабоду, паколькі маюць дыпламатычны імунітэт. Для беларускіх грамадзян бяспечна шанаваць памяць ахвяр сталінскіх рэпрэсій толькі за мяжой.

Гл. таксама па тэме:

Чорная ноч беларускай літаратуры. Як захавалася памяць аб расстраляных паэтах

Падзяліцца: