Мінск 19:23

Латушка: Спадзяёмся, што прысуд Гараўскаму будзе садзейнічаць прымяненню ўніверсальнай юрысдыкцыі ў Польшчы

Архіўнае фота: "Позірк"

29 кастрычніка, Позірк. Народнае антыкрызіснае ўпраўленне (НАУ) “не пакідае спроб рэалізаваць у Польшчы першы паспяховы кейс”, аналагічны швейцарскай справе Юрыя Гараўскага, заявіў кіраўнік НАУ, намкіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Павел Латушка.

“На жаль, сёння толькі ў нешматлікіх еўрапейскіх краінах мы можам у поўнай меры разлічваць на выкарыстанне гэтага механізму. Мы спадзяёмся, што прысуд Гараўскаму будзе садзейнічаць прымяненню ўніверсальнай юрысдыкцыі судамі ў Польшчы”, — адзначыў Латушка.

Справа Гараўскага, падкрэсліў ён, разглядалася на падставе артыкула 185bis Крымінальнага кодэкса Швейцарыі, які прадугледжвае адказнасць за “гвалтоўнае знікненне”. Гэтая норма была ўведзеная ў швейцарскае заканадаўства ў межах імплементацыі Міжнароднай канвенцыі для абароны ўсіх асоб ад гвалтоўных знікненняў, паведаміў палітык.

Паводле слоў Латушкі, прымяненне згаданага артыкула азначае ўстанаўленне элементаў злачынства, у тым ліку сувязі ўчыненага злачынства з дзяржаўнымі структурамі Беларусі. “Гэта стварае важную аснову для далейшага расследавання ролі іншых прадстаўнікоў беларускіх уладаў, у тым ліку арганізатараў злачынства і асоб, якія аддавалі загады”, — сказаў ён.

Правасуддзе, на перакананне Латушкі, не павінна абмяжоўвацца адказнасцю непасрэднага выканаўцы, неабходна ўстанавіць увесь ланцуг адказнасці, у тым ліку асоб, якія “планавалі і арганізоўвалі злачынствы, аддавалі загады і забяспечвалі ўтойванне лёсу зніклых”.

26 кастрычніка былы баец беларускага спецыяльнага атрада хуткага рэагавання (САХР) Юрый Гараўскі быў прызнаны вінаватым у выкраданні бізнесмена Анатоля Красоўскага. Прысуд вынесены кантанальным судом Санкт-Галена (Швейцарыя).

Гараўскі асуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі ўмоўна. Пакаранне не датычыцца забойства, вынікае з публікацыі. Паводле эпізоду, звязанага са знікненнем былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, ён апраўданы.

У 2019 годзе Гараўскі заявіў у СМІ, што 7 траўня 1999 года быў у складзе так званага “эскадрона смерці”, які па загадзе камандзіра САХРа Дзмітрыя Паўлічэнкі выкраў і забіў Захаранку, а 16 верасня таго ж года — Ганчара і Красоўскага.

На падставе гэтага Міжнародная федэрацыя па правах чалавека (FIDH), праваабарончы цэнтр “Вясна” і TRIAL International дамагліся судовага разбору ў дачыненні да былога сілавіка, які знаходзіцца за мяжой.

Падзяліцца: