Ад Беларусі ў складзе місіі ПА АБСЕ назіраць за парламенцкімі выбарамі ў Сербіі будзе Шпакоўскі

17 кастрычніка, Позірк. Назіраць за датэрміновымі парламенцкімі выбарамі ў Сербіі, якія прызначаныя на 25 кастрычніка, будзе член камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу (ПП НС) Аляксандр Шпакоўскі, вынікае з графіка працы на сайце ніжняй палаты беларускага парламента.
Прадстаўнік Мінска выпраўляецца на чатыры дні — з 23 да 26 кастрычніка. Сачыць за выбарамі ён будзе ў складзе Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (ПА АБСЕ).
Яшчэ на пачатку кастрычніка з графіку працы на месяц стала вядома, што ў назіранні за выбарамі ў Народную скупшчыну Сербіі возьмуць удзел “дэпутаты ПП НС”. Дакумент, у якім фармулёўка паказвае на больш шырокі склад дэлегацыі, даступны на сайце ніжняй палаты і цяпер. Ці планавалася першапачаткова накіраваць аднаго чалавека альбо колькасць назіральнікаў ад Беларусі ў межах місіі ПА АБСЕ была скарочаная пазней, невядома.
15 кастрычніка прэс-служба ПА АБСЕ паведаміла, што ў склад яе місіі ўвойдзе каля 80 чалавек з 29 краін. Было заяўлена, што назіральнікі “пройдуць падрабязны брыфінг з удзелам прадстаўнікоў выбарчых органаў, палітычных партый, грамадзянскай супольнасці, СМІ і незалежных экспертаў” і пасля двух дзён “паглыбленых абмеркаванняў” накіруюцца “ў розныя рэгіёны Сербіі для ацэнкі выбарчага працэсу”.
У дзень галасавання назіральнікі ад ПА АБСЕ “наведаюць выбарчыя ўчасткі па ўсёй Сербіі, каб ацаніць працэдуры галасавання і падліку галасоў, а таксама ход выбарчага працэсу ў цэлым”.
“Сабраныя звесткі будуць абагульненыя і прааналізаваныя для ўключэння ў папярэднія высновы міжнароднай місіі па назіранні за выбарамі, якія будуць прадстаўленыя на супольнай прэс-канферэнцыі ў панядзелак, 26 кастрычніка, у Бялградзе, — гаварылася ў паведамленні. — Ацэнка выбараў будзе праводзіцца з улікам дэмакратычных абавязацельстваў, замацаваных у Капенгагенскім дакуменце АБСЕ 1990 года, а таксама іншых міжнародных абавязацельстваў і стандартаў правядзення дэмакратычных выбараў”.
41-гадовы Шпакоўскі на раннім этапе палітычнай актыўнасці быў звязаны з апазіцыйным рухам і прытрымліваўся радыкальных поглядаў. У сярэдзіне 2010-х адкрыта перайшоў на праўладныя і антызаходнія пазіцыі, заняўся прапагандысцкай дзейнасцю. Неўзабаве пасля гэтага яго пачалі прыцягваць да працы ў дзяржаўных інстытуцыях: на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года і парламенцкіх выбарах 2016-га Шпакоўскі быў “экспертам інфармацыйнага штаба” Цэнтрвыбаркама, у 2019-м — “экспертам навукова-экспертнай групы” пры дзяржаўным сакратары Савета бяспекі, у 2021-м указам Лукашэнкі быў уключаны ў склад камісіі, якая рыхтавала змены ў Канстытуцыю. У 2023–2024 гадах быў дарадцам-пасланнікам амбасады Беларусі ў Расіі, у 2024-м стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў.
Шпакоўскі неаднаразова адмаўляў наяўнасць рэпрэсій у Беларусі, а таксама абараняў сілавікоў пасля пратэстаў, выступаў супраць амністыі палітычных апанентаў.
Знаходзіцца пад санкцыямі Польшчы і Украіны.
Факт уключэння апалагета палітыкі рэжыму Лукашэнкі ў склад місіі назіральнікаў ад ПА АБСЕ адметны ў святле таго, што ўлады ў Мінску фактычна перашкаджалі прадстаўнікам структур АБСЕ ўдзельнічаць у апошніх электаральных працэдурах у Беларусі.
Напрыклад, 8 студзеня 2024 года, за некалькі тыдняў да адзінага галасавання на мясцовых і парламенцкіх выбарах (25 лютага), Андрэй Дапкюнас, які тады займаў пасаду пастаяннага прадстаўніка Беларусі пры АБСЕ, наўпрост заявіў, што місія Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) гэтай арганізацыі не будзе запрошаная.
Міністэрства замежных спраў у сваім неафіцыйным тэлеграм-канале патлумачыла, што прычынамі адмовы ў назіранні сталі “геаграфічныя і функцыянальныя перакосы” ў сістэме АБСЕ, “дэградацыя атмасферы міждзяржаўнага ўзаемадзеяння” на яе прасторы і “пагаршэнне па віне Захаду лагістычных магчымасцей выезду і ўезду з Беларусі”. Адначасова знешнепалітычнае ведамства заявіла пра гатоўнасць “перагледзець свае падыходы ў выпадку адмовы Захаду ад незаконнай санкцыйнай палітыкі і спробаў умяшання ва ўнутраныя справы” краіны.
У той жа дзень кіраўнікі БДІПЧ і ПА АБСЕ раскрытыкавалі рашэнне Мінска не запрашаць назіральнікаў ад іх структур, падкрэсліўшы, што яно супярэчыць міжнародным абавязацельствам Беларусі.
9 студзеня 2025 года, за 17 дзён да працэдуры, якую Мінск лічыць “прэзідэнцкімі выбарамі”, гэтыя ж інстытуты АБСЕ выступілі з сумеснай заявай, з якой вынікала, што іх прадстаўнікоў зноў не запрасілі назіраць за выбарчай кампаніяй. Тыднем пазней МЗС праз дзяржСМІ распаўсюдзіла сцвярджэнне пра тое, што БДІПЧ было накіравана запрашэнне.
Асноўная прычына датэрміновых парламенцкіх выбараў у Сербіі — зацяжны грамадска-палітычны крызіс і працяглыя масавыя пратэсты, якія пачаліся пасля трагедыі ў горадзе Нові-Сад 1 лістапада 2024 года, калі праз абрынуты бетонны навес чыгуначнага вакзала загінула 16 чалавек. Пратэсны рух спачатку выступіў з сацыяльна-эканамічнымі патрабаваннямі — высветліць вінаватых, зрабіць празрыстай працэдуру дзяржзакупак і арганізаваць барацьбу з карупцыяй. Пазней адным з асноўных патрабаванняў стала палітычнае — правесці датэрміновыя выбары ў парламент.
Прэзідэнт краіны Аляксандр Вучыч доўга гэтаму супраціўляўся, але ў выніку абвясціў, што датэрміновыя выбары адбудуцца. 27 верасня 2026 года палітык сышоў у адстаўку з пасады кіраўніка дзяржавы — за сем месяцаў да заканчэння кадэнцыі. За некалькі тыдняў да гэтага кіроўная Сербская прагрэсіўная партыя (СПП) заявіла, што Вучыч узначаліць фармаваны ёю выбарчы спіс “Аляксандр Вучыч — Аб’яднаная Сербія” і стане кандыдатам СПП на пасаду прэм’ер-міністра.
10 ліпеня Вучыч заявіў, што Сербія, хоць і ёсць кандыдатам на ўступленне ў Еўрасаюз, не далучылася да трох чвэрцяў санкцый ЕС у дачыненні да Беларусі.
Палітык быў першым сярод кіраўнікоў еўрапейскіх дзяржаў, якія павіншавалі Лукашэнку з “перамогай на выбарах” 26 студзеня 2025 года. Ён зрабіў гэта праз два дні.
Дэкларуючы палітычную лаяльнасць Мінску, Сербія ў той жа час не адмаўляецца ад кантактаў з беларускімі дэмакратычнымі сіламі.
Пры садзейнічанні Вучыча быў вызвалены рэжысёр Андрэй Гнёт, арыштаваны ў Бялградзе на запыт беларускіх уладаў.
Дыпламатычныя стасункі паміж Беларуссю і Сербіяй (правапераемніцай Югаславіі) былі ўсталяваныя 15 лістапада 1994 года.
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 16 кастрычніка 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- ЭканомікаУ студзені–верасні ў Мінскай вобласці была найлепшая дынаміка сельгасвытворчасці, у Гродзенскай — найгоршаяМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Эканоміка"Банкаўскі веснік": Асноўная прычына росту цэн — інфляцыя выдаткаў дзяржпрадпрыемстваў (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Грамадства



