Мінск 08:53

Жыхар Слуцка Таратута пакараны смерцю два гады таму за забойства трохгадовага сына — праваабаронца Палуда

Аляксандр Таратута на вынясенні смяротнага прысуду 19 кастрычніка 2023 года
Відэа: тэлеканал "Беларусь 1" / стоп-кадр: "Позірк"

7 кастрычніка, Позірк. Жыхар Слуцка (Мінская вобласць) Аляксандр Таратута пакараны смерцю паводле прыгавора суда 9 кастрычніка 2024 года, паведаміў падчас слуханняў у Каардынацыйнай радзе каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда.

Слуханні прайшлі ў анлайн-фармаце 6 кастрычніка, яны былі прысвечаныя смяротнаму пакаранню Беларусі.

Калегія па крымінальных справах Вярхоўнага Суда 9 студзеня 2024 года пакінула ў сіле смяротны прыгавор за забойства трохгадовага сына Таратуце і маці дзіцяці Анастасіі Таратуце (асуджаная на максімальны тэрмін пазбаўлення волі — 25 гадоў ва ўмовах строгага рэжыму). Генеральная пракуратура паведаміла тады, што прысуд уступіў у сілу.

19 кастрычніка 2023 года Мінскі абласны суд прызнаў 37-гадовую Анастасію Таратуту і 48-гадовага Аляксандра Таратуту вінаватымі паводле ч. 2 арт. 154 (наўмыснае прычыненне працяглага болю, пакут спосабамі, якія выклікаюць асаблівыя фізічныя і псіхічныя пакуты, сістэматычнае нанясенне пабояў (катаванне), здзейсненае ў дачыненні да заведама непаўналетняга, асобы, якая знаходзіцца ў бездапаможным стане і ў залежным становішчы) і пунктаў 2, 6, 15 ч. 2 арт. 139 (наўмыснае супрацьпраўнае пазбаўленне жыцця іншага чалавека (забойства), заведама малалетняга, асобы, якая знаходзіцца ў бездапаможным стане, здзейсненае з асаблівай жорсткасцю, групай асоб) Крымінальнага кодэкса.

Паводле даных следства, у студзені 2023 года бацькі не менш за 14 разоў ударылі дзіця. Калі хлопчык быў ужо мёртвы, яны выклікалі хуткую дапамогу. Сцвярджалася, што мужчына і жанчына збівалі дзіця за дрэнныя паводзіны, ён быў знясілены: на момант смерці важыў 7 кг.

Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе дагэтуль ужываецца смяротнае пакаранне.

Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская ў Сусветны дзень супраць смяротнага пакарання 10 кастрычніка 2025 года паведаміла, што за 30 гадоў пры ўладзе Аляксандра Лукашэнкі каля 350 чалавек у Беларусі прыгаворана да яе.

Падзяліцца: