Мінск 22:48

З 2020 года палітвязнямі прызнана больш за 4,8 тыс. чалавек — “Вясна”

Ілюстрацыя: pixabay.com

5 кастрычніка, Позірк. З 2020 года палітычнымі зняволенымі ў Беларусі прызнана 4.815 чалавек, паведамляецца ў справаздачы аб сітуацыі з правамі чалавека ў краіне ў верасні 2026 года, падрыхтаванай праваабарончым цэтрам “Вясна”.

Мінімум 10.172 чалавекі за гэты час сутыкнуліся з палітычна матываваным крымінальным пераследам і мінімум 8.696 чалавек былі асуджаныя, у тым ліку завочна: “Дадзеныя паказчыкі працягваюць расці кожны месяц, нягледзячы на спробы ўладаў адмаўляць і схаваць рэальны ўзровень рэпрэсій”.

На канец верасня ў няволі заставаліся 876 палітычных зняволеных, з іх 113 жанчын. Цягам месяца праваабаронцы прызналі палітвязнямі 25 чалавек. Колькасць былых палітвязняў дасягнула 3.991 чалавек, з іх 792 жанчыны. 

З ліпеня 2024 года, калі пачаўся працэс вызвалення палітвязняў у парадку памілавання і абменаў, на волю датэрмінова выйшлі каля 900 чалавек. У той жа час спіс вядомых “Вясне” асуджаных па палітычна матываваных крымінальных справах павялічыўся на 3,5 тыс. чалавек, пералік “экстрэмістаў” — на 2,7 тыс. Палітвязнямі былі прызнаныя 1.044 чалавекі і 346 — былымі (постфактум).

Мінімум 170 палітвязняў знаходзяцца ў асабліва ўразлівым становішчы праз свой стан здароўя, узрост або абставіны зняволення: “Гэты паказчык застаецца стабільна высокім, нягледзячы на перыядычнае вызваленне людзей з гэтай групы ў парадку памілавання і пасля заканчэння тэрміну пазбаўлення волі”.

За апошні месяц праваабаронцы прызналі палітвязнямі 25 чалавек.

Паводле праваабаронцаў, сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі па-ранейшаму крытычная: “Сістэмныя рэпрэсіі не слабеюць, носяць палітычна матываваны характар, накіраваныя супраць іншадумцаў, палітычных апанентаў, нелаяльных”.

Адзначана адсутнасць прагрэсу ў сітуацыі з правамі чалавека на ўзроўні захавання асноўных правоў і свабод, “удасканаленне ранейшых і з’яўленне новых рэпрэсіўных практык”.

Падзяліцца: