Мінск 10:24

Кіраўнік МЗС Украіны перасцярог ад аслаблення санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі ў абмен на вызваленне палітвязняў

Кіраўнік МЗС Украіны Андрэй Сібіга і беларускі дэмлідар Святлана Ціханоўская
Фота: прэс-служба МЗС Украіны

22 верасня, Позірк. Ад аслаблення санкцыйнага ціску на рэжым Аляксандра Лукашэнкі ў абмен на вызваленне палітвязняў перасцярог міжнародных партнёраў украінскі міністр замежных спраў Андрэй Сібіга, выступаючы 21 верасня ў Нью-Ёрку на мерапрыемстве “Беларусь: саўдзельніца вайны Расіі супраць Украіны і пагроза міжнароднай бяспецы” на палях тыдня высокага ўзроўню 81-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН.

“Вызваленне невінаватых людзей заўсёды варта вітаць, — цытуе чыноўніка прэс-служба МЗС Украіны. — Але стаўленне да іх свабоды як да прадмета гандлю заахвочвае браць новых закладнікаў і абменьваць іх вызваленне на тое, у чым мае патрэбу яго рэжым. Мы ўжо бачылі, як ён рабіў гэта з замежнымі грамадзянамі”.

Кіраўнік украінскай дыпламатыі прадставіў тры ключавыя задачы: узмацняць ціск на рэжым Лукашэнкі за саўдзел у расійскай агрэсіі, не дапусціць далейшага ўцягвання Беларусі ў вайну, а таксама працягваць усебаковую падтрымку беларускіх дэмакратычных сіл. Паводле слоў міністра, свабодная Беларусь з’яўляецца неабходнай умовай бяспекі рэгіёна і Еўропы агулам.

“Павінны гаварыць выразна: аслабленне ціску на Беларусь за яе ролю ў расійскай вайне пасылае і Маскве, і Мінску памылковы сігнал, што агрэсія акупляецца. А ціск мае узмацняцца”, — адзначыў Сібіга.

Кіраўнік украінскага знешнепалітычнага ведамства падкрэсліў, што рэжым Лукашэнкі застаецца ключавым саюзнікам Масквы ў поўнамаштабнай вайне супраць Украіны і ўяўляе пагрозу бяспецы ўсяго еўрапейскага рэгіёна.

“Ціск на рэжымы ў Маскве і Мінску будзе эфектыўным толькі тады, калі не будзе мець выключэнняў і кампрамісаў. Расійскія ракеты не робяць выключэнняў, калі забіваюць мірных жыхароў ва Украіне. Таму не можа быць выключэнняў і ў ціску на іх — ні для расійскіх алігархаў, ані для беларускіх рэсурсаў”, — заявіў міністр.

Сібіга выказаў меркаванне, што рэжым у Мінску неаддзельны ад рэжыму ў Маскве, “ён не мае суб’ектнасці”. “Таму ў нашай палітыцы адносна рэжыму Лукашэнкі не павінна быць ніякіх ілюзій або спробаў выдаваць жаданае за сапраўднае”, — падкрэсліў ён.

“Беларусь з’яўляецца саўдзельніцай агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны. Мы зрабілі ўсе неабходныя юрыдычныя крокі, каб забяспечыць належнае прыцягненне да адказнасці. Лукашэнка і высокапастаўленыя службовыя асобы яго рэжыму павінны паўстаць перад правасуддзем у Спецыяльным трыбунале па злачынстве агрэсіі супраць Украіны гэтак жа, як [прэзідэнт РФ Уладзімір] Пуцін і яго службовыя асобы”, — сказаў кіраўнік украінскага МЗС.

У той жа час Сібіга падкрэсліў, што трэба выразна адрозніваць рэжым Лукашэнкі і беларускі народ, які “прадэманстраваў сваё імкненне да свабоды” падчас падзей 2020 года. Міністр падзякаваў Святлане Ціханоўскай і адзначыў узмацненне дыялогу Украіны з беларускімі дэмакратычнымі сіламі.

“Разам абмяркоўваем шляхі супрацьдзеяння рэжыму Лукашэнкі. Я падтрымліваю санкцыйныя прапановы, вылучаныя Святланай і яе камандай”, — дадаў кіраўнік украінскай дыпламатыі.

Сібіга нагадаў, што Кіеў увёў пасаду амбасадара па асаблівых даручэннях па пытаннях супрацы з беларускімі дэмакратычнымі сіламі, а ў рамках Люблінскага трохкутніка Украіна, Літва і Польшча “падзяляюць агульнае бачанне будучай свабоднай Беларусі як часткі саюза”. “Гэта адлюстроўвае нашу агульную гісторыю і агульныя інтарэсы ў сферы бяспекі”, — канстатаваў міністр.

У мерапрыемстве, прысвечаным Беларусі, узялі ўдзел генеральны сакратар Еўрапейскай службы знешніх сувязяў Кайса Олангрэн, міністр замежных спраў Латвіі Байба Бражэ, генеральны сакратар Савета Еўропы Ален Берсэ, дзяржаўны міністр па пытаннях міжнароднага развіцця і дыяспары Ірландыі Ніл Рычманд, намеснік міністра замежных спраў — дарадца прэм’ер-міністра Польшчы па пытаннях нацбяспекі Роберт Купецкі, намеснік міністра замежных спраў Эстоніі Марцін Рогер, намеснік генеральнага дырэктара па глабальных пытаннях МЗС Швецыі Гунар Альдэн, беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская і галоўны выканаўчы дырэктар Freedom House Джэймі Флай.

Ціханоўская адправілася ў Нью-Ёрк для ўдзелу ў мерапрыемствах Генасамблеі ААН

20 верасня, Позірк. Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская адправілася ў Нью-Ёрк для ўдзелу ў мерапрыемствах Генеральнай Асамблеі ААН. Пра гэта яна паведаміла ў сваім тэлеграм-канале. "Наперадзе тыдзень высокага ўзроўню Генасамблеі ААН, — сказала палітык. — Гэта заўсёды вельмі насычаныя дні, калі …

У рамках Генасамблеі ААН пройдзе мерапрыемства, прысвечанае Беларусі, яго арганізуюць ЕС і шэраг еўрапейскіх краін

Апублікавана на адкрытай версіі "Позірку" 17 верасня 2026 года ў 11:05. 17 верасня, Позірк. Міністэрскае мерапрыемства, прысвечанае пагрозе, якую Беларусь прадстаўляе для рэгіянальнай і міжнароднай бяспекі, пройдзе 21 верасня на палях тыдня высокага ўзроўню Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку. Пра …
Падзяліцца: