Мінск 00:23

Беларускія станкі пастаўляліся расійскім прадпрыемствам, звязаным з ВПК — расследаванне БРЦ

Ілюстрацыя: pixabay.com

28 жніўня, Позірк. З верасня 2022 года па чэрвень 2025-га беларускае прадпрыемства “Ронтэк машын тулс“, вытворчасць якога знаходзіцца ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку “Вялікі камень“ (Смалявіцкі раён Мінскай вобласці), паставіла прадукцыі “больш чым на 8,3 млн долараў“ расійскім фірмам, звязаным з ваенна-прамысловым комплексам.

Такія звесткі ўтрымліваюцца ў матэрыяле “Працоўныя конікі, якія працуюць 24/7. Беларускія станкі прадавалі кампаніям, звязаным з расейскім ВПК“, апублікаваным 28 жніўня Беларускім расследавальніцкім цэнтрам.

На сайце “Вялікага каменя“ кампанія “Ронтэк машын тулс“ пазіцыянуе сябе як “высокатэхналагічная вытворчасць у галіне машынабудавання, якая спецыялізуецца ў распрацоўцы і стварэнні высокадакладных апрацоўчых цэнтраў“. “Мы прапануем нашым кліентам гатовыя і самыя надзейныя рашэнні па металаапрацоўцы ў такіх сферах, як: авіяцыя, чыгуначная інфраструктура, караблебудаванне і інш.“, — адзначана там жа.

Паводле інфармацыі БРЦ, найбуйнейшым атрымальнікам прадукцыі згаданай кампаніі (4,23 млн долараў) з’яўляецца расійскае прадпрыемства “Вендэ груп“, якое выконвае абаронныя заказы і знаходзіцца, у прыватнасці, пад санкцыямі ЗША.

Далей ідуць прадпрыемства “СФ УРАЛ“ (2,7 млн долараў), сярод партнёраў якога — вытворцы ўзбраенняў і ваеннай тэхнікі; “Рост НН“ (852 тыс. долараў), якое вырабляе ў тым ліку зброю і боепрыпасы; прадпрыемства “Металмаш“ (245,6 тыс. долараў), якое знаходзіцца пад санкцыямі ЗША; Пецярбургскі трактарны завод (200 тыс. долараў), які знаходзіцца пад санкцыямі Украіны і ўваходзіць у пералік прадпрыемстваў абаронна-прамысловага комплексу; Электрастальскі завод цяжкага машынабудавання, які ўваходзіць у той жа пералік (79 тыс. долараў).

БРЦ таксама ўстанавіў канкрэтны прыклад выкарыстання абсталявання “Ронтэк машын тулс” на прадпрыемстве, якое трапіла ў поле зроку ўкраінскай выведкі.

У прыватнасці, журналіст цэнтра, прадставіўшыся супрацоўнікам “Ронтэк машын тулс“, звязаўся з генеральным дырэктарам расійскай кампаніі “Рэсурс” Міхаілам Амосаўскім. Той распавёў, што на прадпрыемстве ўстаноўлена 12 станкоў Rontek VMC 60C. Паводле слоў Амосаўскага, іх паставіла “Вендэ груп“. Станкі выкарыстоўваюцца для фрэзеравання і апрацоўкі карпусных дэталяў.

Ён таксама паведаміў, што амаль усе кліенты прадпрыемства звязаныя з расійскай абароннай прамысловасцю.

Паводле інфармацыі БРЦ, уладальнікам і дырэктарам “Ронтэк машын тулс“ з’яўляецца беларус Валерый Шчурок. Кампанія ўваходзіць у групу “БАЗ “разам з “БАЗДорМАШ“ і “БАЗТьюб”. Гэтыя прадпрыемствы ўжо траплялі ў поле зроку журналістаў праз сувязі з расійскім вайскова-прамысловым комплексам. “БАЗДорМАШ” фігуравала ў расследаванні БРЦ аб пастаўках дэталяў расійскім абаронным прадпрыемствам. У 2024 годзе ЗША ўвялі санкцыі супраць “БАЗТьюб” за працу з расійскім ВПК.

Журналіст БРЦ звязаўся са Шчурком і спытаў пра выяўленыя пастаўкі расійскім кампаніям, звязаныя з ВПК.

“Мы ў Расію станкоў ніякіх не пастаўлялі. Мы пастаўлялі іх дылерам. Куды станкі прадаюцца, я, шчыра сказаць, не ведаю. Мы тут дамовы ніякія не падпісваем. У нас уся рэалізацыя ў Расію ідзе праз дылераў. То бок яны падбіраюць інструмент, падбіраюць тэхналогію, разумееце, мы туды не лезем, гэта іх хлеб. Мы вырабляем станкі”, — цытуе БРЦ адказ Шчурка.

Паводле яго слоў, кампанія не запытвае ў дылераў інфармацыю аб тым, ці звязаныя іх кліенты з расійскай абароннай прамысловасцю. Пры гэтым дырэктар “Ронтэк машын тулс“ паведаміў, што цяпер кампанія ўжо не працуе з “Вендэ груп“ і “СФ Урал“.

24 лютага 2022 года РФ пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны — найбуйнейшы з часоў Другой сусветнай вайны канфлікт у Еўропе. Рэжым Лукашэнкі надаў войску РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну зімой і вясной 2022 года, а затым цягам многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны лечаць расійскіх вайскоўцаў.

Паводле звестак расследавальнікаў, на расійскі ВПК працуюць многія беларускія прадпрыемствы.

Падзяліцца: