Мінск 15:59

67-гадовая веласіпедыстка загінула ў ДТЗ у Гомелі

Фота: УУС Гомельскага аблвыканкама

14 жніўня, Позірк. Аб смяротным дарожна-транспартным здарэнні ў Гомелі паведаміла УУС мясцовага аблвыканкама.

Аварыя здарылася каля 12 гадзін 14 жніўня. Паведамляецца, што 48-гадовая жанчына, кіруючы аўтамабілем “Джылі”, здзейсніла наезд на 67-гадовую веласіпедыстку.

Апошняя, паводле папярэдняй інфармацыі, рухалася ў спадарожным кірунку і “раптам выехала з тратуара на праезную частку”. Ад атрыманых траўмаў яна памерла на месцы здарэння.

Колькасць дарожна-транспартных здарэнняў знізілася ў Беларусі за год на 5,5% (з 3.453 у 2024-м да 3.262 у 2025-м), вынікае з праведзенага “Позіркам” аналізу звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта. Колькасць загінулых у ДТЗ скарацілася на 1,8% (з 434 да 426), траўміраваных — на 8,4% (з 3.804 да 3.483).

5 жніўня 2025 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 295 аб зменах у Правілах дарожнага руху. У новай рэдакцыі ПДР замацаваны абавязак веласіпедыстаў і самакатчыкаў “спешвацца пры перасячэнні праезнай часткі дарогі, што дазволіць знізіць аварыйнасць”.

22 кастрычніка начальнік галоўнага ўпраўлення Дзяржаўтаінспекцыі МУС Віктар Ротчанкаў заявіў, што колькасць аварый з веласіпедамі зменшылася ўдвая пасля новаўвядзенняў у ПДР.

Гл. таксама:

У Салігорскім раёне кіроўца без правоў насмерць збіў веласіпедыстку, якая перасякала дарогу па-за пераходам

Двое веласіпедыстаў пацярпелі ў ДТЗ пад Рэчыцай — знаходзяцца ў рэанімацыі

Падзяліцца: