Мінск 10:59

Па факце смяротнага ДТЗ у Жлобінскім раёне ўзбуджана крымінальная справа

Відэа: СК / стоп-кадр: "Позірк"

14 жніўня, Позірк. Аб узбуджэнні крымінальнай справы па факце смяротнага ДТЗ на аўтадарозе М-5 Мінск — Гомель у Жлобінскім раёне (Гомельская вобласць) паведаміў Следчы камітэт.

Аварыя здарылася 13 жніўня каля 14:50. Паведамляецца, што 61-гадовы мужчына, кіруючы аўтамабілем “Нісан”, не справіўся з кіраваннем, з’ехаў на абочыну, а затым у кювет, дзе машына перакулілася.

У выніку ДТЗ 35-гадовая жанчына, якая знаходзілася ў аўтамабілі, загінула. Кіроўца і два пасажыры дастаўленыя ў бальніцу.

На месцы здарэння працавала следча-аператыўная група. СК звярнуўся да відавочцаў ДТЗ з просьбай паведаміць наяўную ў іх інфармацыю.

Крымінальная справа ўзбуджаная ў дачыненні да кіроўцы аўтамабіля паводле ч. 2 арт. 317 КК (парушэнне правілаў дарожнага руху або эксплуатацыі транспартных сродкаў, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека).

Колькасць ДТЗ знізілася ў Беларусі за год на 5,5% (з 3.453 у 2024-м да 3.262 у 2025-м), вынікае з праведзенага “Позіркам” аналізу звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта. Колькасць загінулых у ДТЗ скарацілася на 1,8% (з 434 да 426), траўміраваных — на 8,4% (з 3.804 да 3.483).

У студзені начальнік галоўнага ўпраўлення ДАІ МУС Віктар Ротчанкаў паведамляў, што ў 2025 годзе на 9% знізілася колькасць аварый з пацярпелымі, колькасць загінулых зменшылася на 17, з 434 да 417.

Падзяліцца: