Мінск 15:15

Ініцыятыва MALDZIS набыла гравюру 17-га стагоддзя з выявай Брэста

Фота: maldzis.world

14 жніўня, Позірк. Ініцыятыва MALDZIS набыла гравюру, якая паказвае, як выглядаў Брэст 360 гадоў таму.

Гравюра “Горад і замак Берасце Літоўскае” (арыгінальная назва “Urbs et Castellum Brestzie Litewski”) была выдадзена ў 1696 годзе ў Нюрнбергу (Германія), мастак — Эрык Ёнсан Дальберг. Гравюра дэталёва паказвае, як выглядаў горад да таго, як беларускія землі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі.

Як адзначыў прадстаўнік ініцыятывы Рыгор Астапеня, гравюра паказвае Брэст “падобным на мноства еўрапейскіх гарадоў, якія захавалі сваю даўнюю архітэктуру”.

Адзначаецца, што гэта адзіная дэталёвая выява старога Брэста, які быў знішчаны ў 19-м стагоддзі ўладамі Расійскай імперыі для будаўніцтва Брэсцкай крэпасці.

Гравюра каляровая, з нанесенай ручной размалёўкай, памерам 35 на 49,5 см. На першым плане — панарама шведска-венгерска-казацкага войска ля сцен горада; у цэнтры — панарама і план Брэста з умацаваннямі, замкам, касцёламі і сінагогай.

Плануецца, што ў будучыні твор будзе бязвыплатна перададзены ў Музей гісторыі горада Брэста.

Гл. таксама:

“Сімвал вяртання дадому”. Ініцыятыва MALDZIS прадставіла ў Варшаве карціну Якава Балглея — мастака з Брэста, які ствараў у Парыжы побач з Шагалам

Ініцыятыва MALDZIS аблічбавала раней набыты рукапісны архіў беларускага касцёла

Ініцыятыва MALDZIS набыла рукапісны архіў першай паловы XIX стагоддзя

Падзяліцца: