Палітзняволены Андрэй Аляксандраў стаў лаўрэатам прэміі Free Media Awards
4 верасня, Позірк. Беларускі палітычны вязень, журналіст і медыямэнэджар Андрэй Аляксандраў стаў лаўрэатам прэміі Free Media Awards 2026 года.
Спіс тых, хто атрымае ўзнагароду, абвесцілі яе арганізатары — Фонды Fritt Ord і ZEIT STIFTUNG BUCERIUS*.
Паводле іх, дзякуючы сваёй працы ў незалежным беларускім інфармацыйным агенцтве БелаПАН і Беларускай асацыяцыі журналістаў у мінулыя гады, Аляксандраў “дапамог умацаваць прафесійныя стандарты журналістыкі, падтрымаць незалежныя СМІ і пабудаваць міжнародныя сеткі журналістаў і праваабаронцаў”.
Разам з Аляксандравым узнагароду атрымаюць кіраўнік аддзела журналісцкіх расследаванняў выдання “Украінская праўда” Міхаіл Ткач, рэдакцыі грузінскагп выдання iFact, ерэванскага тэлеканала Factor TV і расійскага незалежнага анлайн-выдання “Вёрстка”.
Цырымонія ўручэння адбудзецца ў Музеі Мунка ў Осла (Нарвегія) 29 верасня.
Міжнародная прэмія Free Media Awards (да 2016 года вядомая як Прэмія ім. Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы”) — гэта адна з самых прэстыжных еўрапейскіх узнагарод для журналістаў і незалежных СМІ Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, адзначае БАЖ.
Уручаецца штогод, пачынаючы з 2000 года. Грашовы памер кожнай узнагароды складае 15 тыс. еўра. Цырымонія ўручэння па чарзе праходзіць у Осла і нямецкім Гамбургу.
Беларускія журналісты рэгулярна становяцца лаўрэатамі праз сваю мужную працу. У 2021 годзе ўсе ўзнагароды Free Media Awards былі прысуджаны толькі прадстаўнікам Беларусі ў знак салідарнасці з разгромам незалежных медыя ў краіне. Тады лаўрэатамі сталі партал tut.by (разгромлены ўладамі), БАЖ, Кацярына Барысевіч, Наталля Лубнеўская, Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева.
Андрэй Аляксандраў быў затрыманы 12 студзеня 2021 года. 6 кастрычніка 2022 года Мінскі абласны суд (суддзя Вячаслаў Тулейка, уключаны ў санкцыйныя спісы дэмакратычных краін Захаду) прыгаварыў медыяменеджара да 14 гадоў пазбаўлення волі.
Журналіст быў абвінавачаны ў стварэнні “экстрэмісцкага фарміравання” (ч.1 арт. 3611), “здрадзе дзяржаве” (арт. 356), нявыплаце падаткаў у буйным памеры (ч. 2 арт. 243), “падрыхтоўцы грамадзян для ўдзелу ў масавых беспарадках” (ч. 2 арт. 342) Крымінальнага кодэкса.
48-гадобы палітзняволены ўтрымліваецца ў наваполацкай папраўчай калоніі № 1 (Віцебская вобласць).
*Fritt Ord — нарвежскі фонд, місіяй якога названа абарона і прасоўванне свабоды выказвання меркаванняў, падтрымка публічных дыскусій, літаратуры і незалежных СМІ.
ZEIT STIFTUNG BUCERIUS — нямецкі фонд, які займаецца падтрымкай грамадзянскай супольнасці, вышэйшай адукацыі, навукі, мастацтва і СМІ.

- Грамадства, Навіны Германіі, Палітыка
- Грамадства
- ЭканомікаДа канца 2030 года ў Беларусі плануецца ўзвесці каля 30 аб'ектаў па перапрацоўцы адходаўМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаСутачная колькасць спробаў незаконна пранікнуць з Беларусі ў ЕС зноў перавысіла 100Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Эканоміка
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка

