Мінск 10:19

У жніўні тэмпература паветра ў Беларусі вагалася ад 2,6 да 40,3 градуса

Ілюстрацыя: "Позірк"

4 верасня, Позірк. Жнівень 2026 года ў Беларусі апынуўся на 0,4 градуса цяплей за кліматычную норму (18,4 градуса супраць 18), паведамляе Белгідрамет у месячным аглядзе.

Адзначаецца, што такая і больш высокая сярэднямесячная тэмпература паветра ў жніўні рэгіструецца адзін раз у два-тры гады. Самы гарачы жнівень быў у 2010 годзе з сярэднямесячнай тэмпературай 20,8 градуса, самы халодны — у 1987 годзе (14,3).

Жнівень 2025 года быў халадней за норму на 0,9 градуса (17,1) — антырэкорд пасля 2009 года.

Першая дэкада мінулага жніўня была цяплейшай за норму на 2 градусы (21,4 супраць 19,4), другая — халаднейшай на 0,8 (17,3 супраць 18,1), трэцяя — адпавядала ёй (16,5).

“Дзённыя тэмпературы жніўня адрозніваліся вялікай кантраснасцю”, — звяртаюць увагу сіноптыкі. У гарачыя перыяды, пераважна ў першай палове месяца, тэмпература паветра перавышала 25 градусаў, у асобныя суткі паднімаючыся да 30 і вышэй, а па поўдні дасягала крытэру небяспечнай гідраметэаралагічнай з’явы (35 і вышэй). У астатнія дні тэмпература паветра ўтрымлівалася ў межах ад 19 да 24 градусаў.

Максімальнага значэння (40,3) яна дасягнула 6 жніўня ў Мазыры, што стала рэкордам для апошняга месяца лета. Папярэдні быў адзначаны ў жніўні 2010 года (38,9 у Гомелі).

Абнавіліся месячныя рэкорды таксама ў Лельчыцах (39,6), Жыткавічах (38,9), Васілевічах (38,6), Пінску (38,3), на станцыі Палеская ў Лунінецкім раёне (37,8), у Брэсце (37,6), Пружанах (36). У Высокім рэкорд паўтарыўся (36,5).

Ночы ў асноўным былі цёплымі з тэмпературай ад 10 да 20 градусаў. Мінімальная тэмпература адзначана на Палескай 26 жніўня (2,6).

За месяц выпала ў сярэднім 52 мм ападкаў (52 л вады на квадратны метр тэрыторыі), што склала 82% кліматычнай нормы. Па тэрыторыі краіны ападкі размеркаваліся нераўнамерна: ад 28 мм у Магілёўскай і Гомельскай абласцях (45% і 48% нормы адпаведна) да 84 мм (118% нормы) — у Віцебскай. У першай і трэцяй дэкадах жніўня назіраўся недабор ападкаў (66% і 54% нормы, 14 супраць 21 і 12 супраць 23 мм), у другой дэкадзе іх было больш за норму на 33% (26 супраць 19 мм).

У Гродне выпаў град дыяметрам да 18 мм. У Іўі хуткасць ветру дасягнула 29 м/с (104,4 км/г).

Гл. таксама:

Белгідрамет: Новы нацыянальны рэкорд спякоты — 40,4 градуса

Падзяліцца: