Мінск 14:51

У Мінску затрыманы лжэміліцыянер

Відэа: прэс-служба МУС / стоп-кадр: "Позірк"

4 жніўня, Позірк. У Мінску затрыманы 37-гадовы мясцовы жыхар, які выдаваў сябе за сілавіка, паведаміў 4 жніўня намеснік начальніка сталічнага ўпраўлення Галоўнага ўпраўлення ўласнай бяспекі (ГУУБ) Міністэрства ўнутраных спраў Раман Прыгодзіч.

Згодна з відэакаментарыем, апублікаваным у тэлеграм-канале МУС, мужчыну затрымалі супрацоўнікі ГУУБ пры падтрымцы АМАП. Афіцыйна ён працаўладкаваны ў краме алкагольных напояў, аднак прадстаўляўся міліцыянерам (на відэазапісе затрыманы кажа, што “прадстаўляўся супрацоўнікам КДБ ды іншых праваахоўных органаў, здзейсніў шэраг супрацьпраўных дзеянняў”).

“Высветлена, што мужчына пад выглядам супрацоўніка аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі ГУУС [Мінгарвыканкама] ініцыяваў фіктыўную праверку ў гандлёвым павільёне, — заявіў Прыгодзіч. — Выявіўшы парушэнні, за непрыцягненне прадаўца да адказнасці ён прыняў упакоўку туалетнай вады, пасля чаго схаваўся”.

Падчас затрымання пры ім былі выяўленыя “пнеўматычны пісталет, адкрутка і маска з прарэзамі для вачэй”.

“Распачатыя крымінальныя справы за махлярства і самавольнае прысабечанне звання службовай асобы”, — сказаў намеснік начальніка сталічнага ўпраўлення ГУУБ.

Падзяліцца: