Мінск 11:04

Жыхарка Мінскага раёна дамаглася ліквідацыі прадпрыемства, зарэгістраванага ў яе кватэры экс-уласнікам — эмігрантам

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

4 жніўня, Позірк. Пракуратура Мінскай вобласці на падставе заявы мясцовай жыхаркі ліквідавала прыватнае прадпрыемства, зарэгістраванае ў яе кватэры былым уласнікам жылля.

Паводле інфармацыі Генеральнай пракуратуры, якая спасылаецца на тэрытарыяльны наглядны орган, праз арганізацыю, юрыдычным адрасам якой значыўся адрас кватэры жанчыны, яна была вымушаная “несці цяжар аплаты за жыллёва-камунальныя паслугі па тарыфах (цэнах), якія забяспечваюць поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных выдаткаў на аказанне такіх паслуг”.

“Падчас разгляду звароту высветлена, што ў кватэры, набытай заяўніцай у 2023 годзе, зарэгістраванае прыватнае прадпрыемства былых уласнікаў кватэры, — гаворыцца ў паведамленні. — Названае прыватнае прадпрыемства знаходзілася ў працэсе ліквідацыі паводле рашэння адзінага ўдзельніка з 2019 года, чым парушаўся вызначаны заканадаўствам тэрмін для ліквідацыі”.

Цяперашняя ўласніца жылля самастойна пазбавіцца ад рэгістрацыі юрыдычнай асобы ў сваёй кватэры праз суд не магла, бо “не з’яўляецца крэдыторам прыватнага прадпрыемства”.

“Пракуратура раёна ў інтарэсах дзяржавы падала ў суд іскавую заяву аб ліквідацыі прыватнага прадпрыемства ў сувязі з парушэннем вызначаных заканадаўствам парадку і тэрмінаў ліквідацыі, — адзначыў наглядны орган. — Паколькі адзіны заснавальнік прыватнага прадпрыемства выехаў з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, пракурор Мінскага раёна накіраваў у эканамічны суд Мінскай вобласці хадайніцтва аб змяненні парадку і спосабу выканання рашэння з прызначэннем ліквідатарам індывідуальнага прадпрымальніка”.

Суд задаволіў іск. Прадпрыемства ліквідаванае, уласніцы кватэры зніжаны тарыф на аплату ЖКП.

Падзяліцца: