Мінск 11:52

Дзевяць банкаў паведамілі пра новаўвядзенні ў працы з кліентамі

Ілюстрацыйнае фота: pexels / pixabay.com

4 жніўня, Позірк. Дзевяць банкаў, што працуюць у Беларусі, паведамілі пра змяненне асобных правілаў абслугоўвання і прадставілі новыя магчымасці для кліентаў, сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз актуальнай інфармацыі іх прэс-службаў.

“Альфа Банк у Беларусі” працягнуў да канца лета акцыю, у рамках якой пры аплаце праходу праз турнікет у сталічным метрапалітэне карткай “Альфа Белкарт” можна атрымаць бонусамі 50% кошту паездкі. Раней прапанова распаўсюджвалася на кліентаў ва ўзросце да 24 гадоў, з 1 жніўня парог павялічаны да 35 гадоў уключна.

“Белаграпрамбанк” змяніў графік здзяйснення аперацый з абязлічанымі металічнымі рахункамі (АМР) у сваіх падраздзяленнях: з панядзелка па чацвер — з 10:00 да 15:00; у пятніцу і перадсвяточныя дні — з 10:00 да 14:00; у перадсвяточную пятніцу — з 10:00 да 13:00; у агульнавызначаныя выходныя і святочныя дні аперацыі з АМР не здзяйсняюцца.

“Беларусбанк” увёў часовае абмежаванне на валютна-абменныя аперацыі з выкарыстаннем банкаўскай карткі. Гаворка ідзе пра пераводы грошай з карты на карту па рахунках у доларах, еўра, расійскіх рублях і кітайскіх юанях. Абмежаванні дзейнічаюць, калі валюта пераводу адрозніваецца ад валюты рахунку адпраўніка і (або) атрымальніка — за выключэннем аперацый з беларускімі рублямі.

“БНБ-Банк” увёў новыя тарыфы і ўмовы абслугоўвання юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў. У прыватнасці, за прыём і апрацоўку банкаўскіх дакументаў, плацежных інструкцый і заяў, якія кліент падае на паперы, камісія павялічаная з 20 да 25 рублёў; перавод у беларускіх рублях на рахунак у банку па-за межамі Беларусі — з 7 да 10 рублёў. Акрамя таго, для кліентаў-нерэзідэнтаў камісія за адкрыццё рахунку цяпер будзе ў нацыянальнай валюце — 1.650 рублёў замест 500 еўра.

“БСБ Банк” абнавіў працэдуру папаўнення банкаўскіх карт праз сістэму АРІП — цяпер для пералічэння грошай на картку дастаткова ведаць толькі нумар мабільнага тэлефона.

“МТбанк” абнавіў графік правядзення аперацый па АМР у сваім анлайн-абменніку Nembo. Іх можна будзе праводзіць толькі ў працоўныя дні з 10:00 да 20:30. У астатні час, а таксама ў выходныя і святочныя дні такая магчымасць недаступная.

“Неа Банк Азія” аднавіў выдачу грашовых пераводаў MoneyGram. У ліпені паведамлялася, што банк часова спыніў выдачу адпаведных пераводаў. Кліентам зноў даступныя плацяжы па ўсім свеце — за выключэннем Расіі і Украіны.

“Парытэтбанк” працягнуў да канца лета акцыю па бясплатным выпуску карт Mastercard Standard у доларах або еўра.

“Тэхнабанк” вызначыў камісію на разлікі паміж юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі — у тым ліку праз сістэму АРІП — 0,25% сумы за кожны плацёж (мінімум 4 рублі).

На 1 ліпеня ў краіне быў зарэгістраваны 21 банк (тры з іх — са 100-працэнтным замежным удзелам). Іх статутны капітал — 12 млрд 261,8 млн рублёў (+10,1% у гадавым вымярэнні), прыбытак — 1 млрд 831,8 млн (-8,8%).

Нарматыўны капітал на пачатак ліпеня складаў 25 млрд 212,9 млн рублёў (+9,2% за 12 месяцаў); дастатковасць нарматыўнага капіталу — 18,8% (-0,1 працэнтнага пункта); актывы, схільныя да крэдытнай рызыкі, — 130 млрд 221 млн (+12,1%); неабслугоўваныя актывы — 2 млрд 839,9 млн (-15,1%).

Запазычанасць па рублёвых і валютных крэдытах, выдадзеных банкамі юрыдычным асобам, на 1 ліпеня 2026 года склала 69 млрд 62,1 млн рублёў — на 13,1% больш, чым на аналагічную дату 2025 года (61 млрд 57,2 млн), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных рэгулятара. Пратэрмінаваная запазычанасць склала 416,8 млн рублёў (скарачэнне ў 1,6 раза).

Запазычанасць фізічных асоб па крэдытах на 1 ліпеня 2026 года склала 31 млрд 719,5 млн рублёў (год таму — 27 млрд 890,3 млн; +13,7%), пратэрмінаваная — 56,2 млн рублёў (45,5 млн; +23,5%).

Падзяліцца: