Мінск 12:30

Ад пачатку жніўня на аб’ектах АПК пацярпела тры адзінкі тэхнікі

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба МНС

4 жніўня, Позірк. На аб’ектах аграпрамысловага комплексу зафіксаваныя чарговыя здарэнні, вынікае з сутачнай зводкі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Паводле інфармацыі ведамства, 3 жніўня падчас “руху ў поле пасля правядзення рамонтных работ” ля вёскі Дзегцяныя (Капыльскі раён Мінскай вобласці) загарэўся збожжаўборачны камбайн. Пра характар пашкоджанняў не паведамляецца.

У той жа дзень прычапны прэс-падборшчык пацярпеў ад агню падчас правядзення сельскагаспадарчых работ у полі ля вёскі Верхаўляны (Бераставіцкі раён Гродзенскай вобласці).

1 жніўня падчас правядзення сельгасработ у полі ля вёскі Стары Лепель (Лепельскі раён Віцебскай вобласці) загарэўся збожжаўборачны камбайн. У якім стане сельскагаспадарчая машына, не паведамляецца.

Тады ж у полі ля вёскі Праснакі (Капыльскі раён Мінскай вобласці) у выніку пажару было знішчаная 81 тона сена ў рулонах.

Папярэднія факты ўзгарання сельгастэхнікі былі зафіксаваныя 31 ліпеня — на палях атрымалі пашкоджанні па два камбайны і прэс-падборшчыкі.

На прэс-канферэнцыі 20 ліпеня намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення нагляду і прафілактыкі МНС Дзяніс Жукоўскі паведаміў, што “найбольш распаўсюджанымі недахопамі ў датрыманні пажарнай бяспекі [падчас сельгасработ] з’яўляюцца незабеспячэнне гатоўнасці першасных сродкаў супрацьпажарнай абароны”. “Сёлета зафіксавана ўжо 228 такіх фактаў”, — сказаў ён.

Акрамя таго, выяўлена 63 факты “незабеспячэння суправаджэння збожжаўборачнай тэхнікі пажарнай аварыйна-выратавальнай або іншай, прыстасаванай для тушэння пажараў тэхнікай”.

Згодна з праведзеным “Позіркам” аналізам даных МНС, у 2025 годзе праз пажары пацярпела або была знішчана сама меней 53 адзінкі тэхнікі. Гэта на 27,4% менш, чым за 2024 год (мінімум 73). Сёлета адзначана 19 такіх выпадкаў.

Падзяліцца: