БЧ накіравала ў Азію цягнік з драўнінай, раней падобны маршрут выкарыстоўваўся для абыходу санкцый

3 жніўня, Позірк. У рамках праекта “Славянскі караван” ва Узбекістан накіраваўся другі скразны грузавы цягнік (састаў, які ідзе да пункта прызначэння без перафармавання або з мінімальнымі тэхнічнымі аперацыямі на прамежкавых станцыях), паведаміла 3 жніўня прэс-служба Беларускай чыгункі (БЧ).
Цягнік выехаў са станцыі Орша-Усходняя. Праз Расію і Казахстан ён, як паведамляецца, даставіць ва Узбекістан “экспартную прадукцыю дрэваапрацоўкі, харчовыя грузы з высокай дададзенай вартасцю агульнай вагой больш за 4 тыс. тон” з розных рэгіёнаў Беларусі.
“У састаў цягніка таксама ўключаныя экспартныя грузы, якія ідуць транзітам праз Узбекістан у Кыргызстан і Таджыкістан”, — гаворыцца ў паведамленні.
Першы скразны грузавы цягнік з прадукцыяй дрэваапрацоўкі, харчовымі грузамі і хімікатамі ў рамках згаданага праекта “быў накіраваны ва ўрачыстай абстаноўцы” з Оршы 30 ліпеня. Уначы 3 жніўня, паводле інфармацыі БЧ, “грузы агульнай вагой 3,8 тыс. тон пераадолелі адлегласць у 2,5 тысячы з 4 тысяч кіламетраў і знаходзяцца на тэрыторыі Казахстана”.
Транспартная структура сцвярджае, што “новы сэрвіс паказвае запатрабаванасць гэтага праекта і маршруту руху, адкрывае шырокія перспектывы для экспарцёраў усіх галін — ад харчовай прамысловасці да хімічнай, будаўнічай, дрэваапрацоўчай і машынабудаўнічай”.
БЧ таксама заяўляе, што “геаграфія паставак” прадукцыі праз Узбекістан у рамках гэтага праекта “можа быць пашыраная на іншыя запатрабаваныя рынкі збыту краін Цэнтральнай і Паўднёвай Азіі”.
2 сакавіка 2022 года ЕС увёў у дачыненні да Мінска санкцыі, якія прадугледжваюць забарону на пастаўкі беларускай прадукцыі дрэваапрацоўкі.
Адразу пасля гэтага шматкроць вырас экспарт гэтай прадукцыі ў Еўропу з Казахстана і Кыргызстана. Паводле даных Беларускага расследавальніцкага цэнтра (БРЦ), гэта адбылося за кошт рээкспарту вырабленай у Беларусі падсанкцыйнай прадукцыі паводле фальшывых дакументаў: тады рост імпарту ў ЕС з Казахстана павялічыўся ў 74 разы, з Кыргызстана — прыкладна ў 18 тыс. разоў.
БРЦ паведамляў, што кыргызскія фірмы з беларускімі каранямі “наўпрост прапануюць пастаўляць у ЕС падсанкцыйную прадукцыю паводле фальшывых дакументаў” і “вазіць пелеты ў Еўропу “вагонамі”.
8 сакавіка Міжнародная рада дырэктараў FSC (Лясная апякунская рада — міжнародная арганізацыя, якая адказвае за выкананне стандартаў у кіраванні лясамі і лясной прадукцыяй) вырашыла прыпыніць сертыфікацыю экспартнай прадукцыі дрэваапрацоўкі і лясной гаспадаркі Беларусі і РФ праз агрэсію супраць Украіны.
У лістападзе літоўская мытня паведаміла пра ўзмацненне кантролю ў дачыненні да лесаматэрыялаў, якія, як мяркуецца, пастаўляюцца з Казахстана і Кыргызстана.
У 2023 годзе Польшча заявіла, што для процідзеяння абыходу санкцый, уведзеных супраць Беларусі і Расіі, Нацыянальная падатковая адміністрацыя Польшчы (KAS) пачала супрацу з лабараторыяй, здольнай вызначаць паходжанне прадукцыі дрэваапрацоўкі. Установа “можа праводзіць даследаванні як самой драўніны, так і вырабаў з яе з указаннем краіны (геаграфічнага рэгіёна) нарыхтоўкі”.
У 2024 годзе БРЦ паведаміў, што “айчынную санкцыйную драўніну працягваюць экспартаваць у Еўропу, але ўжо пад выглядам тавараў з краін Цэнтральнай Азіі”.
Напрыканцы студзеня 2025 года арганізацыя Earthsight паведамляла ў сваім расследаванні, што з ліпеня 2022 года, калі Еўрасаюз увёў абмежаванні на імпарт прадукцыі дрэваапрацоўкі з Беларусі і Расіі, па кастрычнік 2024 года ў ЕС закупілі падсанкцыйнай фанеры з гэтых краін на 1,5 млрд еўра.
Фанера з Беларусі і РФ афармляецца як прадукцыя, вырабленая ў іншых краінах, напрыклад, у Кітаі, Казахстане, Грузіі і Турцыі, пасля чаго адпраўляецца на еўрапейскі рынак. Найбуйнейшымі імпарцёрамі выступаюць Польшча, Эстонія, Германія, Грэцыя, Італія, Іспанія і Партугалія. Кожны дзень, як сцвярджалася ў расследаванні, у ЕС увозяць 22 кантэйнеры з падсанкцыйным таварам.
Напрыканцы красавіка таго ж года брытанскае выданне The Guardian паведаміла, што падсанкцыйная беларуская драўніна з Беларусі і РФ увозіцца ў Вялікабрытанію.
У 2025 годзе Польшча ўнесла ў санкцыйны спіс Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі (МУСіА) зарэгістраваную ў Казахстане кампанію QARTREE LLP, за якой стаіць Беларусь, за экспарт расійскай і беларускай фанеры.
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- ЭканомікаПа выніках першага паўгоддзя Беларусь была лідарам у ЕАЭС паводле вытворчасці сельгаспрадукцыіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ЭканомікаУ 2026 годзе ў галіне рэалізаваныя два значныя для краіны інвестпраекты — кіраўнік МінбудархітэктурыМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Бяспека, Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства



