Мінск 19:26

У ліпені ў Беларусь прыбыло 6,3 тыс. грамадзян Украіны — даныя Дзяржпагранкамітэта

Ілюстрацыйнае фота: work.ua

3 жніўня, Позірк. У ліпені 2026 года ў Беларусь прыбыло 6.302 грамадзяніны Украіны, паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

У чэрвені, як раней заяўляла ведамства, іх было 7.669.

Непасрэдна праз украінска-беларускую мяжу ў ліпені накіравалася 3 чалавекі (у чэрвені — 7), транзітам праз Польшчу — 5.393 (6.722), Літву — 859 (873), Латвію — 47 (67).

Агульная колькасць грамадзян Украіны, якія ўехалі ў Беларусь з 1 студзеня да 1 жніўня 2026 года, — 51.231 (праз украінска-беларускую мяжу — 39, транзітам праз Польшчу — 45.277, Літву — 5.617, Латвію — 298).

Якія мэты прыбыцця, дакладна невядома. Аднак, паводле неафіцыйнай інфармацыі, значная частка грамадзян Украіны прыязджае ў Беларусь для таго, каб пасля трапіць на акупаваныя РФ украінскія тэрыторыі — наведаць сваякоў або паспрабаваць абараніць сваю маёмасць, якую расійскія ўлады нацыяналізуюць у тых, хто выехаў у краіны ЕС. З краін Еўропы ладзяць адмысловыя туры.

Крыніцы Позірку паведамляюць, што на практыцы частку грамадзян Украіны без тлумачэння прычын не ўпускаюць у Беларусь. Разам з тым многія даязджаюць да Масквы. У аэрапорце Шарамеццева праходзіць фільтрацыя — абавязковая працэдура для грамадзян Украіны, якія прыбываюць у РФ, якая ўключае агляд, анкетаванне, праверку мабільных прылад і размову з супрацоўнікамі спецслужбаў (ФСБ). Працэдура цягнецца ад некалькіх гадзін да двух сутак, узровень адмоваў — 30–50%. Тыя, каму адмовілі, едуць назад праз Беларусь у краіны ЕС.

У лютым 2024 года Ігар Кізім, які тады займаў пасаду амбасадара па асаблівых даручэннях МЗС Украіны па Беларусі, заявіў у інтэрв’ю Позірку, што “Дзяржпагранкамітэт Беларусі займаецца несумленнай падачай лічбаў і чыстай вады маніпуляцыяй”, мяркуючы з усяго, маючы на ўвазе, што прапаганда спрабуе падаць гэта як уцёкі грамадзян Украіны са сваёй краіны, а пасля і з краін ЕС у “мірную і стабільную Беларусь”.

“Самае цікавае, што вы нідзе не знойдзеце ў адкрытых крыніцах даных пра колькасць украінцаў, якія выехалі з вашай краіны. Сумленным і прыстойным з боку ДПК было б падаваць гэтую статыстыку. Насамрэч гаворка ідзе не пра транзітных уцекачоў або людзей, якія ўехалі ў Беларусь, каб папрасіць прытулку. Гэта, як і раней, звычайныя паездкі грамадзян Украіны”, — заявіў тады дыпламат.

25 чэрвеня 2026 года МЗС Беларусі ўручыла часоваму паверанаму ў справах Украіны ў Мінску Івану Новіцкаму ноту з прапановай арганізаваць “сезонны пропуск прыгранічнага насельніцтва на тэрыторыю Беларусі для збору дзікаросаў”. У Дзяржаўнай памежнай службе Украіны, каментуючы прапанову, адзначылі, што Кіеў “не пагодзіцца на гэта, таму што гэта (мяжа з Беларуссю. — Позірк.) небяспечная лінія і пропуск у краіну, якая падтрымлівае краіну-тэрарыстку (РФ. — Позірк.), немагчымы”.

Паводле апошніх апублікаваных даных ААН (на 30 чэрвеня 2026 года), ва ўсім свеце было зарэгістравана 5.787.470 украінскіх уцекачоў, у тым ліку ў краінах Еўропы — 5.159.480.

Падзяліцца: