Мінск 19:06

Кіраўнік дзяржаўнага прадпрыемства затрыманы за хабары — СК

Ілюстрацыйнае фота: Bermix Studio / unsplash.com

3 жніўня, Позірк. Пра затрыманне 63-гадовага кіраўніка дзяржаўнага прадпрыемства паведаміла 3 жніўня прэс-служба Следчага камітэта.

Адзначаецца, што распачатая крымінальная справа паводле ч. 2 і 3 арт. 430 КК (атрыманне хабару і паўторнае атрыманне хабару).

Паводле інфармацыі ведамства, мужчына “сістэматычна атрымліваў хабары ад прадстаўніка замежных камерцыйных структур: грошы, маёмасць і два дарагія аўтамабілі “Аўдзі” за садзейнічанне ў заключэнні і выкананні дагавораў, а таксама за размяшчэнне металапрадукцыі на складах прадпрыемства пры абмежаваных тэхнічных магчымасцях з мэтай забеспячэння яе наступнай аплаты прадпрыемствам”.

Заяўлена, што сума “атрыманага злачынным шляхам” даходу перавышае 200 тыс. рублёў. У той жа час паведамляецца, што ў рамках расследавання “забяспечанае пакрыццё злачыннага даходу на суму больш за 260 тысяч рублёў”, а таксама “накладзены арышт на маёмасць абвінавачанага на суму больш як 1 мільён рублёў”.

Фігурант узяты пад варту.

Следчыя прадпісалі прадпрыемству ліквідаваць “прычыны і ўмовы, якія спрыялі здзяйсненню злачынстваў”.

За першыя шэсць месяцаў 2026 года на 12,5% павялічылася колькасць асуджаных за карупцыйныя злачынствы ў параўнанні з аналагічным перыядам 2025 года, вынікае са статыстыкі Вярхоўнага суда.

Агулам за гэты перыяд за карупцыю асуджана 342 чалавекі (у студзені — чэрвені 2025 года — 304).

Найчасцей прыгаворы выносіліся па справах аб атрыманні хабару (арт. 430 КК) — 150 (93), крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі (арт. 210 КК) — 122 (133), перавышэнні ўлады або службовых паўнамоцтваў (арт. 426 КК) — 28 (45).

За дачу хабару асуджаны 21 чалавек (12), за пасрэдніцтва ў хабарніцтве — 4 (1), за бяздзейнасць службовай асобы — 2.

Паводле даных Вярхоўнага суда, у 2025 годзе за здзяйсненне карупцыйных злачынстваў асуджана 657 чалавек — на 7,3% менш, чым у 2024-м (709).

Аляксандр Лукашэнка прыйшоў да ўлады ў 1994 годзе шмат у чым дзякуючы вобразу змагара з карупцыяй і працягвае выкарыстоўваць гэтую тэму. За больш як 30 гадоў карупцыя так і не была пераможаная.

Падзяліцца: