Мінск 11:16

У Гродне ад апёкаў памёр мужчына — верагодна, пацярпелы на пажары ў клініцы “Псіхіятрыя — наркалогія”

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

1 жніўня, Позірк. Пра смерць у Гродне ад агню пенсіянера 1950 года нараджэння паведамляецца ў сутачнай зводцы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Адзначаецца, што мужчына памёр ва ўстанове аховы здароўя ад траўмаў, атрыманых 19 ліпеня на пажары ў абласным цэнтры.

“Прычына пажару высвятляецца”, — гаворыцца ў зводцы.

19 ліпеня стала вядома, што “ноччу ратавальнікам паступіла паведамленне аб задымленні ва ўстанове аховы здароўя па вуліцы Абухава” (пазней Міністэрства аховы здароўя паведаміла, што гаворка аб Гродзенскім абласным клінічным цэнтры “Псіхіятрыя — наркалогія”).

“Падраздзяленні МНС, якія прыбылі да месца пажару, устанавілі, што ачаг узгарання знаходзіўся ў адной з палат на пятым паверсе шасціпавярховага будынка”, — адзначала ведамства.

Паводле інфармацыі МНС, работнікі лякарні, “адрэагаваўшы на пах гару”, разам з міліцыянерамі “выратавалі 5 чалавек <…> з гарэлай палаты”, сярод іх ніхто не пацярпеў.

“З выкарыстаннем спецыяльных масак для абароны органаў дыхання з небяспечнай зоны работнікі МНС выратавалі яшчэ 6 чалавек, якія былі шпіталізаваныя”, — гаварылася ў паведамленні міністэрства.

З будынка бальніцы эвакуявалі 254 чалавекі, у тым ліку 10 дзяцей. Ніхто з іх не пацярпеў.

Тушыць пажар прыбыло 15 адзінак тэхнікі МНС.

20 ліпеня в.а. загадчыка апёкавага аддзялення Гродзенскай абласной бальніцы хуткай меддапамогі (БХМД) Аляксандр Архуціч паведаміў, што ў шасцярых пацярпелых абпалена ад 30 да 60% паверхні цела. Яны таксама атрымалі тэрмаінгаляцыённую траўму і знаходзяцца на штучнай вентыляцыі лёгкіх. Урач канстатаваў, што прагназаваць іх стан не ўяўляецца магчымым, паколькі “апёкавая хвароба непрадказальная”.

Паводле яго слоў, пацыенты размешчаныя ў аддзяленні рэанімацыі БХМД.

Намесніца галоўнага ўрача цэнтра “Псіхіятрыя — наркалогія” Таццяна Буднік паведаміла, што “бальніца працуе ў штатным рэжыме”.

Следчы камітэт 20 ліпеня паведаміў, што ў дачыненні да пацыента цэнтра “Псіхіятрыя — наркалогія” распачатая крымінальная справа за падпал у гэтай медустанове (ч. 2 арт. 218 КК — “наўмысныя знішчэнне і пашкоджанне чужой маёмасці, учыненыя агульнанебяспечным спосабам”).

Паводле інфармацыі ведамства, ачаг пажару, які адбыўся 19 ліпеня каля 3:35, знаходзіўся непасрэдна на адным з бальнічных ложкаў.

Сцвярджалася, што “пацыент аддзялення пранёс у палату крыніцу адкрытага агню (меркавана запалкі) і падпаліў матрац, што прывяло да імгненнага распаўсюджвання полымя і моцнага задымлення памяшкання”.

Паводле звестак СК, шэсць пацыентаў “шпіталізавалі ў рэанімацыйнае аддзяленне з тэрмічнымі апёкамі цела, дыхальных шляхоў, галавы, верхніх і ніжніх канечнасцяў (ад 20% да 40%), а таксама атручваннем прадуктамі гарэння”.

Падзяліцца: