Мінск 23:16

Кіраўнік МУС Латвіі абвясціў пра закрыццё мяжы з Беларуссю — па “тэхнічных прычынах”

Пункт пропуску Грыгароўшчына (Патэрніекі) на беларуска-латвійскай мяжы
Архіўнае фота: Дзяржаўны мытны камітэт

31 ліпеня, Позірк. Пра закрыццё мяжы з Беларуссю “па тэхнічных прычынах” заявіў на сваёй старонцы ў “Х” міністр унутраных спраў Латвіі Яніс Дамбрава.

Ён заклікаў “тых, хто яшчэ не вярнуўся ў Латвію, скарыстацца іншымі маршрутамі”.

Прычын і меркаваных тэрмінаў закрыцця мяжы чыноўнік не назваў.

На латвійска-беларускай мяжы да вечара 31 ліпеня працаваў адзін пункт пропуску — Патэрніекі (з сумежнага боку — Грыгароўшчына).

Рашэнне аб закрыцці мяжы прынята ў Латвіі на фоне абвастрэння міграцыйнага крызісу. Як раней паведамляў “Позірк”, з 2.306 спробаў пранікнення з Беларусі, зафіксаваных за чатыры тыдні ліпеня ўсімі суседнімі з ёй краінамі ЕС, на долю Латвіі прыпала 91,9% (2.119).

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС працягваецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што беларускія памежнікі не будуць спыняць нелегальных мігрантаў, якія ідуць у Еўрасаюз праз Беларусь, таму што іх туды нібыта паклікалі.

Падзяліцца: