Мінск 18:10

У Гродзенскай вобласці ўдвая павялічылася колькасць вымагальніцтваў

31 ліпеня, Позірк. У першым паўгоддзі 2026 года ў Гродзенскай вобласці зарэгістравана 61 вымагальніцтва — у 2,1 раза больш, чым за аналагічны перыяд 2025-га (29). Такія лічбы названыя 31 ліпеня на калегіі пракуратуры рэгіёну.

“Нягледзячы на прадметныя меры, негатыўны ўплыў на крымінагенную абстаноўку аказвае ўсё большая (на 9,2%) колькасць рэгістраваных кіберзлачынстваў, у тым ліку учыненых з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій махлярстваў (+17,9%)”, — паведамляе наглядны орган.

Паводле даных пракуратуры, у бягучым годзе “практычна кожнае трэцяе з зарэгістраваных у рэгіёне злачынстваў улічана па лініі процідзеяння кіберзлачыннасці”.

На калегіі заяўлена, што “востра стаіць пытанне папярэджання пажараў, гібелі і траўміравання ў агні людзей”. Паводле слоў намесніка пракурора вобласці Паўла Сілюка, негатыўная тэндэнцыя гэтага года — “павелічэнне колькасці ўзгаранняў у так званых катэгарызаваных домаўладаннях і з прычыны гэтага і колькасці загінулых грамадзян пенсійнага ўзросту”.

Усяго за шэсць месяцаў на тэрыторыі рэгіёну здарыліся 432 пажары (422; + 2,4%), на якіх загінулі 34 чалавекі (30; +13,3%), траўмаваныя — 38 (37; +2,7%).

Агульная колькасць зарэгістраваных у вобласці злачынстваў у параўнанні з першым паўгоддзем 2025 года скарацілася на 7,8%, колькасць пацярпелых — на 3,7% (абсалютныя лічбы па колькасці тут і далей не называюцца).

У прыватнасці, колькасць цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў зменшылася на 13,6%, хатняга гвалту — на 13,7%. Стала менш на 17% крымінальна каральных дзеянняў, учыненых непаўналетнімі або з іх удзелам, на 6,4% — асобамі, якія маюць судзімасць, на 24% — у стане алкагольнага ап’янення, на 10% — у грамадскіх месцах.

Паводле даных Вярхоўнага суда, у 2025 годзе асуджана 28.177 чалавек (годам раней — 31.410, у 2023-м — 33.777, у 2022-м — 36.356). У 2025 годзе суды апраўдалі 36 чалавек (у 2024-м — 60, 2023-м — 47, 2022-м — 33, 2021-м — 51, 2020-м — 93).

Доля апраўдальных прысудаў у крымінальных працэсах паменшылася да 0,13% (0,19% у 2024-м).

Гл. таксама:

У асобных раёнах Мінскай вобласці вырасла колькасць рэцыдываў і асабліва цяжкіх злачынстваў — пракуратура

Падзяліцца: