Мінск 19:40

Толькі ў шасці раёнах Беларусі дазволена свабодна наведваць лясы

31 ліпеня, Позірк. Бесперашкодна наведваць лясы дазволена толькі ў 6 з 118 раёнаў Беларусі (5,1%), сведчыць інтэрактыўная карта на сайце Міністэрства лясной гаспадаркі.

У Мінскай вобласці свабодна хадзіць у лясы можна ў Мядзельскім, Пухавіцкім і Чэрвеньскім раёнах, у Гродзенскай — у Воранаўскім і Лідскім, у Віцебскай — у Пастаўскім.

У астатніх 112 раёнах дзейнічаюць абмежаванні, якія азначаюць, што ў лясы нельга заязджаць на аўтамабілі і разводзіць там вогнішчы, але даступныя пешыя прагулкі, збор ягад і грыбоў.

Паводле прагнозу Белгідрамета, днём 1 жніўня па паўночна-заходняй палове краіны чакаюцца навальніцы, па паўночным захадзе пры навальніцах месцамі пройдуць ліўні, выпадзе град, чакаецца шквалістае ўзмацненне ветру парывамі 15–20 м/с, у асобных раёнах да 24 м/с. Абвешчана штармавое папярэджанне — аранжавы ўзровень небяспекі.

Пры гэтым згодна з інфармацыяй у тэлеграм-канале МНС, на 1 жніўня ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях абвешчаны чырвоны ўзровень небяспекі.

Падзяліцца: