Мінск 15:51

Мінабароны пагражае вайсковымі зборамі ў тым ліку кіраўнікам прадпрыемстваў, якія не даюць рады ўборцы ураджаю

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Мінабароны

31 ліпеня, Позірк. Міністэрства абароны “ў рамках узаемадзеяння з мясцовымі органамі выканаўчай улады вызначае алгарытмы прызыву на вайсковую службу (зборы) работнікаў і кіраўнікоў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, якія не забяспечылі выкананне сваіх абавязкаў падчас уборкі ўраджаю 2026 года”, паведамляе прэс-служба ведамства.

На нарадзе па рэалізацыі даручэнняў Аляксандра Лукашэнкі адносна ўборачнай кампаніі 31 ліпеня міністр абароны Віктар Хрэнін пацікавіўся ў вайсковых камісараў, як жыхары ставяцца да ўдзелу Узброеных сіл у жніве, і даручыў “працягнуць узаемадзеянне з арганізацыямі сельскагаспадарчага сектара, у тым ліку інфармацыйную працу па пытаннях, якія хвалююць насельніцтва”.

21 ліпеня на селектарнай нарадзе па пытаннях уборачнай кампаніі Лукашэнка заявіў, што тыя, хто “дрэнна працуе і не выконвае працоўную дысцыпліну”, павінны праходзіць кароткатэрміновую падрыхтоўку і накіроўвацца ў вайсковыя падраздзяленні, размешчаныя ля ўкраінскай мяжы. Ён таксама запатрабаваў накіроўваць чыноўнікаў на працу ў сельскагаспадарчыя арганізацыі, прыгразіўшы за невыкананне гэтых указанняў службай у войску.

“Ну, чаго мы будзем пры дэфіцыце кадраў кайданкі надзяваць? Папрасіце Хрэніна, даручэнне яму маё перадайце: усіх, хто не ўмее працаваць, — у войска і на паўднёвую мяжу. У лес. Там нашы хлопцы, Сілы спецыяльных аперацый, на мой загад разгрупаваныя па ўкраінскай мяжы”, — сказаў Лукашэнка.

22 ліпеня Хрэнін прадставіў Лукашэнку прапановы па прыцягненні вайсковых камісараў да выканання даручэння пра накіраванне ў войска работнікаў, якія праявілі нядобрасумленнасць і недысцыплінаванасць падчас уборачнай кампаніі.

24 ліпеня міністр унутраных спраў Іван Кубракоў на пасяджэнні калегіі УУС Гродзенскага аблвыканкама выказаў меркаванне, што праблема дысцыпліны падчас уборачнай кампаніі (крадзеж гаруча-змазачных матэрыялаў, з’яўленне на працы ў нецвярозым стане) з’яўляецца “даўняй” і стала для многіх на вёсцы “нормай жыцця”, заклікаўшы змагацца з ёй.

Падзяліцца: