Мінск 14:56

Вайсковыя камісары Гродзенскай вобласці ўслед за калегамі з Мінскай накіраваліся кантраляваць уборачную кампанію

Фота: прэс-служба Мінабароны

25 ліпеня, Позірк. Вайсковыя камісары ​​Гродзенскай вобласці наведалі сельскагаспадарчыя прадпрыемствы Гродзенскага, Воранаўскага, Зэльвенскага, Лідскага і Бераставіцкага раёнаў, паведаміла 25 ліпеня прэс-служба Міністэрства абароны.

Паводле інфармацыі ведамства, камісары ​​”паразмаўлялі з кіраўнікамі і працоўнымі калектывамі гаспадарак, выехалі ў палі і азнаёміліся з ходам работ па ўборцы ўраджаю”.

“Мера рэалізаваная ў адпаведнасці з даручэннем прэзідэнта Беларусі, дадзеным падчас селектарнай нарады, — гаворыцца ў паведамленні. — Пасля нарады з міністрам абароны Беларусі і ўдакладнення задач прадстаўнікі вайсковых камісарыятаў розных рэгіёнаў пачалі іх выкананне”.

Напярэдадні Мінабароны паведаміла, што сельгаспрадпрыемствы Клецкага, Пухавіцкага і Слуцкага раёнаў наведалі прадстаўнікі вайсковых камісарыятаў Мінскай вобласці. Яны сустрэліся з кіраўнікамі і работнікамі гаспадарак, “азнаёміліся з ходам уборкі ўраджаю” і “ацанілі вытворчыя магутнасці”. “Асаблівая ўвага” была нададзеная “пытанням арганізацыі працы і захавання працоўнай дысцыпліны”.

Як паведамляў “Позірк”, на селектарнай нарадзе 21 ліпеня Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся накіроўваць у войска тых, хто “дрэнна працуе” і парушае працоўную дысцыпліну падчас уборачнай кампаніі. Гэтыя людзі, паводле яго слоў, павінны праходзіць кароткую падрыхтоўку і накіроўвацца ў вайсковыя падраздзяленні, размешчаныя ля ўкраінскай мяжы. Палітык таксама запатрабаваў накіроўваць чыноўнікаў на працу ў сельгасарганізацыі, прыгразіўшы за невыкананне гэтых указанняў службай у войску.

“Ну, чаго мы будзем пры дэфіцыце кадраў кайданкі начапляць? Папрасіце [міністра абароны Віктара] Хрэніна, даручэнне яму маё перадайце: усіх, хто не ўмее працаваць, — у войска і на паўднёвую мяжу. У лес. Там нашы хлопцы, Сілы спецыяльных аперацый, на мой загад разгрупаваныя па ўкраінскай мяжы”, — сказаў Лукашэнка.

22 ліпеня Хрэнін прадставіў Лукашэнку прапановы па прыцягненьні вайсковых камісараў да выканання даручэньня пра накіраванне ў войска работнікаў, якія праявілі нядобрасумленнасьць і недысцыплінаванасць падчас уборачнай кампаніі.

24 ліпеня міністр унутраных спраў Іван Кубракоў на пасяджэнні калегіі УУС Гродзенскага аблвыканкама выказаў меркаванне, што праблема дысцыпліны падчас уборачнай кампаніі (крадзеж гаруча-змазачных матэрыялаў, з’яўлення на працы ў нецвярозым стане) з’яўляецца “застарэлай” і стала для многіх на вёсцы “нормай жыцця”.

Падзяліцца: