Мінск 13:50

Цюрк перапрызначаны вярхоўным камісарам ААН па правах чалавека: Беларусь устрымалася пры галасаванні

Фолькер Цюрк і Святлана Ціханоўская
Архіўнае фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

25 ліпеня, Позірк. Вярхоўны камісар Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па правах чалавека Фолькер Цюрк перапрызначаны на другі тэрмін — з 12 кастрычніка 2026 года па 11 кастрычніка 2030-га, сведчаць вынікі галасавання, праведзенага 24 ліпеня ў Генеральнай Асамблеі ААН.

Кандыдатуру Цюрка падтрымалі прадстаўнікі 144 краін.

Супраць выступілі 10 дзяржаў — Аргенціна, Буркіна-Фасо, ЗША, Ізраіль, Малі, Нігер, Нікарагуа, Паўночная Карэя, Расія, а таксама Трынідад і Табага.

Устрымаліся ад галасавання 13 краін — Беларусь, Гаяна, Дамініканская Рэспубліка, Ірак, Новая Зеландыя, Парагвай, Паўднёвая Карэя, Паўднёвы Судан, Перу, Сурынам, Уганда, Шры-Ланка ды Эквадор.

Відэа: India Today Global / стоп-кадр: "Позірк"

“Я глыбока ўдзячны за магчымасць працягнуць працу ў якасці вярхоўнага камісара. Правы чалавека — гэта проціяддзе ад сённяшніх узрушэнняў і паражэнчых настрояў. Я аддам усе сілы абароне правоў кожнага чалавека — паўсюль”, — напісаў Цюрк на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.

Адметна, што Мінск адмовіўся наўпрост падтрымаць кандыдатуру Цюрка, хаця ў лістападзе 2025 года намеснік міністра замежных спраў Ігар Сякрэта на сустрэчы з ім заявіў пра гатоўнасць да “непалітызаванага ўзаемадзеяння” з УВКПЧ, у чарговы раз прапанаваўшы вярхоўнаму камісару наведаць Беларусь.

Улетку 2025 года на палях канферэнцыі Helsinki+50 у сталіцы Фінляндыі з Цюркам сустракалася дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская. Тады галоўны дарадца беларускага палітыка Франак Вячорка паведаміў “Позірку”, што бакі абмеркавалі “камунікацыю з уладамі ў Мінску па пытаннях вызвалення палітвязняў, магчымы візіт камісара ў рэгіён”, а таксама намаганні ЗША па “гуманітарных вызваленнях”.

“Ціханоўская адзначыла што мэтай візіту камісара ў Мінск мела б стаць вызваленне палітвязняў”, — падкрэсліў Вячорка.

Бяляцкі і Марозаў заклікалі вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека Цюрка захоўваць увагу да сітуацыі ў Беларусі

12 сакавіка, Позірк. Сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі абмеркавалі 12 сакавіка ў Жэневе (Швейцарыя) на сустрэчы з вярхоўным камісарам ААН па правах чалавека Фолькерам Цюркам кіраўнік праваабарончага цэнтра "Вясна", лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі і дарадца Святланы Ціханоўскай …
Падзяліцца: