Мінск 17:50

Бяляцкі і Марозаў заклікалі вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека Цюрка захоўваць увагу да сітуацыі ў Беларусі

Алесь Бяляцкі, Фолькер Цюрк і Леанід Марозаў (злева направа)
Фота з тэлеграм-канала Ціханоўскай

12 сакавіка, Позірк. Сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі абмеркавалі 12 сакавіка ў Жэневе (Швейцарыя) на сустрэчы з вярхоўным камісарам ААН па правах чалавека Фолькерам Цюркам кіраўнік праваабарончага цэнтра “Вясна”, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі і дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Леанід Марозаў.

Паводле інфармацыі прэс-службы беларускага дэмакратычнага лідара, у гэтым кантэксце бакі сярод іншага абмеркавалі становішча палітычных зняволеных і ролю міжнародных механізмаў у абароне фундаментальных правоў і свабод.

“Асабліва важным стаў удзел у сустрэчы Алеся Бяляцкага, які нядаўна быў вызвалены з турмы і распавёў вярхоўнаму камісару пра становішча людзей у Беларусі, асабліва тых, хто знаходзіцца за кратамі, — гаворыцца ў паведамленні. — У размове ён нагадаў пра неабходнасць пастаяннай увагі міжнароднай супольнасці да цяжкай сітуацыі ў краіне”.

Марозаў на сустрэчы падкрэсліў “важнасць механізмаў маніторынгу правоў чалавека ў Беларусі ў рамках сістэмы ААН” і адзначыў, што “яны застаюцца ключавым інструментам для незалежнай фіксацыі парушэнняў, захавання міжнароднай увагі да сітуацыі ў краіне і падтрымкі ўніверсальных стандартаў правоў чалавека”.

Сустрэча адбылася ў дзень правядзення двух мерапрыемстваў па Беларусі ў рамках 61-й сесіі Савета ААН па правах чалавека (СПЧ ААН), якая праходзіць у Жэневе.

У 13:00 паводле мясцовага часу (15:00 паводле Мінску), згодна з графікам сесіі, на яе палях мелася адкрыцца мерапрыемства “Правы чалавека ў Беларусі”, арганізатарам якога выступае Інстытут правоў чалавека.

У 15:15 мае распачацца інтэрактыўны дыялог па дакладзе Групы незалежных экспертаў па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі. Як раней адзначаў “Позірк”, у гэтым дакуменце сярод іншага гаворыцца, што беларускія ўлады “працягваюць сістэматычна парушаць” правы чалавека: адвольна арыштоўваюць і затрымліваюць людзей за іх “фактычную або меркаваную апазіцыю ўраду”, умовы ўтрымання ў месцах несвабоды “з’яўляюцца бесчалавечнымі”, зняволеныя “зазнаюць катаванні і неправамернае абыходжанне”.

11 сакавіка таксама на палях сесіі СПЧ прайшло мерапрыемства “Дайце голас ахвярам: сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі”, на якім выступіў Бяляцкі. Яго арганізатарамі былі пастаянныя прадстаўніцтвы Польшчы, Літвы і Нарвегіі ў Жэневе.

Яшчэ адзін сайд-івэнт з назвай “Правы чалавека ў Беларусі” запланаваны ў Жэневе 19 сакавіка. Арганізатар — Беларускі Хельсінкскі камітэт. За дзень да яго, як паведамлялася раней, на сесіі будуць разгледжаныя вынікі ўніверсальнага перыядычнага агляду (УПА) Беларусі і яшчэ 12 дзяржаў. Слуханні ў рамках чацвёртага цыкла УПА для Беларусі адбыліся летась у лістападзе.

У выпадку, калі на сесіі будзе прынятая рэзлюцыя па сітуацыі з правамі чалавека ў краіне, галасаваньне па ёй, верагодна, адбудзецца ў адзін з апошніх дзён яе працы. Тады ж сябры СПЧ маюць вырашыць пытанне пра падаўжэнне мандата Групы незалежных экспертаў па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі, які заканчваецца 3 красавіка.

Летась 26 лютага міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў правёў у Жэневе сустрэчу з Цюркам і запрасіў яго наведаць Беларусь. Запрашэнне пацвердзіў на сустрэчы з вярхоўным камісарам ААН у лістападзе таго ж года намеснік Рыжанкова Ігар Сакрэта.

Сёлета 14 лютага на палях Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы сустрэчу з Цюркам правяла Ціханоўская.

Падзяліцца: