Мінск 18:43

МУС абвінаваціла ў паклёпе эмігранта, у дачыненні да якога “ўжо распачата 13 крымінальных спраў за экстрэмісцкую дзейнасць”

Ілюстрацыйнае фота: soyuz.by

23 ліпеня, Позірк. Міністэрства ўнутраных спраў адсправаздачылася пра высвятленне аўтара відэароліка ў “ЦікТоку” з “ілжывай інфармацыяй пра наркапрытоны ў Ваўкавыску, якія нібыта прыкрываюць міліцыянеры”, а таксама сцвярджэннямі, што тыя “наўмысна вярбуюць непаўналетніх для ўдзелу ў гандлі забароненымі рэчывамі з мэтай іх наступнага затрымання”.

Паводле інфармацыі ведамства, ролік апублікаваў 39-гадовы ўраджэнец Ваўкавыска, які ўжо некалькі гадоў жыве ў Польшчы.

“У Беларусі мужчына браў актыўны ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, размяшчаў у інтэрнэце абразлівыя каментарыі з выкарыстаннем ненарматыўнай лексікі на адрас міліцыянераў. У 2024 годзе за здзейсненыя супрацьпраўныя дзеянні абвешчаны ў міждзяржаўны вышук. У дачыненні да яго ўжо распачата 13 крымінальных спраў за экстрэмісцкую дзейнасць”, — гаворыцца ў паведамленні.

Па факце размяшчэння згаданага відэароліка праводзіцца праверка. Змест запісу “можа быць кваліфікаваны як паклёп, абраза прадстаўнікоў улады і распальванне варожасці”.

Міністэрства заявіла, што супрацоўнікі органаў унутраных спраў з’яўляюцца “прадстаўнікамі ўлады” і знаходзяцца “пад асаблівай абаронай дзяржавы”.

Мерамі рэагавання ў дачыненні да тых, хто распаўсюджвае “абразлівыя публікацыі” пра супрацоўнікаў міліцыі, прыгразіў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў 23 ліпеня ў Магілёве на пасяджэнні калегіі абласнога УУС.

Чыноўнік сказаў, што ў інтэрнэце з’яўляюцца такія публікацыі, і запатрабаваў “усе такія матэрыялы адпрацоўваць”, па пацверджаных фактах неналежнай працы падначаленых “даваць прынцыповую ацэнку дзеянням <…>, аж да прыцягнення да адказнасці”.

“Аднак часцей за ўсё інфармацыя не знаходзіць пацвярджэння — і такія ўкіды ў сетцы не павінны заставацца без нашай рэакцыі. Прыклад — нядаўняя хлусня пра міліцыю Ваўкавыска. Яе падхапілі і іншыя карыстальнікі, а некаторыя прыводзілі і свае гісторыі, якія яшчэ варта праверыць, пра ўзаемадзеянне з праваахоўнікамі. Такім чынам гэтыя людзі паспрабавалі скампраметаваць міліцыю”, — адсправаздачыўся Кубракоў.

Фармулёўкі пра абразу супрацоўнікаў міліцыі актыўна выкарыстоўваюцца ўладамі для палітычна матываванага пераследу грамадзян.

21 ліпеня Кубракоў паведаміў, што два ўчастковыя інспектары, якія “самастойна заключылі дамовы з кіраўнікамі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і залівалі іх паліва ў свае аўтамабілі”, звольненыя з міліцыі. Іх міністр назваў нягоднікамі.

Кіраўнік ведамства правёў “селектарную нараду па ўборачнай кампаніі” пасля аналагічнай нарады ў Аляксандра Лукашэнкі.

У той дзень Лукашэнка заявіў, што паліўныя злодзеі дзейнічаюць пад прыкрыццём супрацоўнікаў МУС.

Падзяліцца: