Мінск 13:55

Выйшаў на волю сын Анатоля Лябедзькі, адбыўшы тэрмін пазбаўлення волі

Арцём Лябедзька ў судзе
Фота: sb.by

23 ліпеня, Позірк. Выйшаў на волю сын дарадцы дэмлідэра Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і міжпарламенцкім супрацоўніцтве Анатоля Лябедзькі 40-гадовы Арцём Лябедзька, вынікае з паведамлення на старонцы Лябедзькі-старэйшага ў “Фэйсбуку“.

Палітык напісаў адно слова “Сын”. Яго пачалі віншаваць з вызваленнем, той падзякаваў.

Сям’я Лябедзькі-малодшага жыве ў Беларусі.

Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра “Вясна”, палітвязень “выйшаў на волю пасля заканчэння тэрміну ў ліпені 2026 года”.

Крыніца “Позірку” пацвердзіла інфармацыю аб вызваленні.

24 жніўня 2023 года Мінскі гарадскі суд прыгаварыў Арцёма Лябедзьку да пазбаўлення волі на 3,5 гады ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Ён быў прызнаны вінаватым у “фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання” ў рамках старой рэдакцыі Крымінальнага кодэкса (арт. 3612; цяпер гэта артыкул аб “фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці”).

“Мне балюча, але я ганаруся, што наш сын паказаў велізарнай колькасці людзей і сваёй дачкі, як у цяжкай сітуацыі застацца чалавекам і грамадзянінам”, — заявіў “Позірку” Анатоль Лябедзька пасля вынясення прысуду яго сыну, выказаўшы надзею, што той апынецца на волі раней, чым вызначыў суд.

У лістападзе 2023 года Арцём Лябедка быў унесены ў пералік асоб, “датычных да экстрэмісцкай дзейнасці”.

Падзяліцца: