Мінск 18:34

Пасля смяротнага ДТЗ у Буда-Кашалёўскім раёне распачатая крымінальная справа

Архіўнае фота: прэс-служба МУС

23 ліпеня, Позірк. У дачыненні да кіроўцы аўтамабіля “Рэно” — удзельніцы смяротнай аварыі, якая адбылася ранкам 21 ліпеня ў Буда-Кашалёўскім раёне (Гомельская вобласць), распачатая крымінальная справа паводле ч. 3 арт. 317 КК (парушэнне правілаў дарожнага руху або эксплуатацыі транспартных сродкаў, якое прывяло з неасцярожнасці да смерці дзвюх асоб), вынікае з паведамлення прэс-службы Следчага камітэта.

У дзень ДТЗ прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў паведаміла, што аўтамабілі “Рэно” і “Джэта” сутыкнуліся на 378-м кіламетры дарогі М-8 (мяжа РФ — Віцебск — Гомель — мяжа Украіны). На месцы загінула 65-гадовая пасажырка “Рэно”, а 41-гадовую жанчыну-кіроўцу, дваіх дзяцей (16 і 11 гадоў) і мужчыну, чый узрост на той момант не быў вядомы, шпіталізавалі. Акрамя таго, у бальніцу даставілі 45-гадовага кіроўцу “Джэты” і яго пасажыраў — 53-гадовага мужчыну і 12-гадовую дзяўчынку.

З новай інфармацыі СК вынікае, што мужчыну ў “Рэно” было 65 гадоў і ён памёр у медустанове.

Колькасць загінулых у ДТЗ на тэрыторыі Беларусі за год зменшылася на 1,8% (з 434 у 2024-м да 426 у 2025-м), паказаў праведзены “Позіркам” аналіз даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Пры гэтым пазітыўная дынаміка (зніжэнне смяротнасці) адзначаная толькі ў Магілёўскай вобласці — у 1,8 раза (з 54 да 30).

Сітуацыя не змянілася ў Мінскай вобласці — 115 загінулых, Брэсцкай — 76, Гомельскай — 66.

Горшая дынаміка зафіксаваная ў Мінску — рост у 1,7 раза (з 14 да 24). Далей: Віцебская — на 6,2% (з 65 да 69), Гродзенская — на 4,5% (з 44 да 46).

Падзяліцца: