Мінск 22:37

АПК заклікаў падтрымаць тры зборы BySol для беларускіх добраахвотнікаў

Ілюстрацыя: АПК

14 ліпеня, Позірк. Падтрымаць тры зборы сродкаў для беларускіх добраахвотнікаў заклікаў у сваім тэлеграм-канале 14 ліпеня Аб’яднаны пераходны кабінет (АПК).

Зборы праводзіць фонд салідарнасці BySol.

“Для выканання баявых задач добраахвотнікам неабходныя транспарт, абсталяванне і іншыя жыццёва важныя рэсурсы, — адзначае АПК. — Таксама побач з імі падтрымкі чакаюць і сем’і тых, хто аддаў сваё жыццё, абараняючы Украіну”.

Адзін збор адкрыты для сям’і загінулага добраахвотніка (імя не называецца). Яго жонка Валерыя, якая засталася з трыма дзецьмі, мае даход на працы “каля 400 долараў на месяц”: “Гэтых грошай ледзь хапае на самыя неабходныя выдаткі. Часам даводзіцца выбіраць паміж аплатай рахункаў і пакупкай прадуктаў. За апошнія гады мы прадалі амаль усё, што маглі прадаць, каб звесці канцы з канцамі”.

Сума, якая запрошваецца — 5.000 еўра, сабрана пакуль 2.103.

Яшчэ адзін збор разлічаны на 10.000 еўра (сабрана 6.864). Сродкі неабходныя для дапамогі ў набыцці і абслугоўванні аўтамабіля разведгрупе Уладзіслава (пазыўны “Соня”).

4.600 еўра (1.043) патрабуецца добраахвотніку, баявому медыку “Вакуле”, які займаецца эвакуацыяй параненых і працуе на перадавой.

Грошы неабходныя на зарадныя станцыі, акумулятары, ноўтбук, манітор, пульт кіравання дронам і інш.

Перамога Украіны “адкрые шлях і да свабоды Беларусі, моцная і паспяховая Украіна стане прыкладам і натхненнем”, заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, падчас выступу 26 траўня ў Нацыянальным музеі гісторыі Украіны ў Другой сусветнай вайне.

“Сёння наша барацьба — і беларусаў, і ўкраінцаў — сумесная. Мы змагаемся супраць таго самага зла, супраць таго самага ворага. І кожны робіць свой унёсак у нашу агульную справу”, — падкрэсліла палітык.

Паводле яе слоў, на той момант у вайне супраць РФ загінула больш за 90 беларускіх добраахвотнікаў.

Падзяліцца: