Мінск 19:19

Прэс-служба Лукашэнкі анансавала прыбыццё ў Віцебскую вобласць 5 тыс. работнікаў з Узбекістана

Фота: сайт прэзідэнта Узбекістана

14 ліпеня, Позірк. Прыбыццё ў Віцебскую вобласць 5 тыс. работнікаў з Узбекістана анансавала 14 ліпеня прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі.

Гаворка пра жыхароў Андзіжанскай вобласці, яны пачнуць прыязджаць у Беларусь групамі па 500 чалавек, пачынаючы з верасня. Адзначаецца, што ў рэгіёне “падрыхтуюць неабходныя ўмовы для іх прыёму”.

“Грамадзян Узбекістана плануецца прыцягваць не толькі ў сельскую гаспадарку, але і ў будаўніцтва, прамысловасць, сферу паслуг, для працы ў якасці малодшага медыцынскага персаналу”, — гаворыцца ў паведамленні.

Гэтыя даныя прыведзены прэс-службай Лукашэнкі ў рэлізе пра яго рабочую паездку 14 ліпеня ў Аршанскі раён (Віцебская вобласць), дзе палітыка сярод іншых суправаджаў кіраўнік (хакім) Андзіжанскай вобласці Шухратбек Абдурахманаў.

Анансавана, што на тэрыторыі Бешанковіцкага раёна ўзбекскі бок атрымае 2 тыс. га для вырошчвання бульбы. “У неабходным аб’ёме” для гэтага будуць прадастаўлены бульбасховішчы. У сваю чаргу Беларусь, як заяўлена, “дапаможа з тэхналогіяй, забяспечыць пасадачным матэрыялам”.

Паведамляецца таксама, што ў Віцебску пачаў працу гандлёвы дом па рэалізацыі тавараў з Узбекістана, падабрана памяшканне для адкрыцця рэстарана ўзбекскай кухні.

Плануецца, што ўзбекскім партнёрам таксама перададуць “былую санаторную школу” ў гарадскім пасёлку Багушэўск Сенненскага раёна, якую “пераабсталююць пад турбазу для адпачынку грамадзян Узбекістана”.

Лукашэнка таксама выказаўся наконт забеспячэння работнікаў з Узбекістана жыллём: “У нас у вёсках ёсць больш-менш нармальнае жыллё. Разам прывядзём да ладу. І ўсё, што будзем будаваць, будзем будаваць для людзей. Для ўзбекаў і для беларусаў — розніцы не будзе. Дзеткі вашы ў дзіцячы сад, школу на такіх жа ўмовах, як і беларусы. Прыехаўшы сюды, яны павінны ведаць, што яны не чужыя для нас людзі. Мы гэта ўсё зробім. Адзінае, каб працавалі”.

Лукашэнка заклікаў хакіма Андзіжанскай вобласці звярнуць увагу не толькі на Віцебскую вобласць. Ёсць магчымасць, паводле яго слоў, аналагічнай працы на паўднёвым усходзе Магілёўскай вобласці, дзе выпрацавана праграма развіцця рэгіёна: “Мы яе адмяняць не будзем. Там “пернікі” і іншыя льготы. Там галоўнае — людзі. Няхай прыязджаюць і працуюць. Гэта мы павінны вызначыцца. Урад цяпер займаецца, каб вам на стол пакласці, колькі чалавек трэба, якія кадры павінны быць”.

Адзначаюцца ў паведамленні і перспектывы ў дрэваапрацоўцы. У прыватнасці, падабрана пляцоўка пад будаўніцтва з удзелам узбекскіх інвестыцый сучаснай дрэваапрацоўчай вытворчасці. Акрамя таго, як сцвярджаецца, узбекскі бок мае намер займацца вытворчасцю драўняных паліўных пелет, пастаўляючы прадукцыю ва Узбекістан. “Усе неабходныя пляцоўкі ўжо падабраныя”, — удакладняецца ў паведамленні.

Таксама заяўляецца пра дамоўленасць, што ўзбекскія партнёры створаць “будаўнічы трэст”, які “ўкамплектуе сваімі людзьмі”. За кошт гэтага яны “у тым ліку будуць ажыццяўляць будаўніцтва і рамонт усіх сваіх комплексаў”.

Раней паведамлялася, што больш за 200 грамадзян Узбекістана прыбыло 13 ліпеня чартарным рэйсам у Беларусь “для выканання часовай працоўнай дзейнасці ў аграпрамысловым і жывёлагадоўчым сектарах”.

Адзначалася, што гэты пілотны праект “рэалізуецца ў спрошчаным парадку на аснове трохбаковага пагаднення, падпісанага паміж Андзіжанскай абласной адміністрацыяй, Агенцтвам міграцыі Узбекістана і камітэтам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскай вобласці Беларусі”.

Як вынікала з апублікаванага відэазапісу, узбекскіх рабочых у аэрапорце сустракалі ва ўрачыстай абстаноўцы.

На сустрэчы з прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым 9 ліпеня ў Мінску Лукашэнка прапанаваў узбекскім працоўным мігрантам прыязджаць у Беларусь з сем’ямі. Паводле яго слоў, краіне “патрэбныя людзі, і пажадана з Узбекістана”.

13 ліпеня падчас паездкі ў Шклоўскі раён (Магілёўская вобласць) Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі гатовыя прымаць на працу грамадзян Узбекістана, каб закрыць кадравыя патрэбы. Пры гэтым ён падкрэсліў, што за кожнага нанятага работніка з гэтай краіны персанальную адказнасць будуць несці кіраўнікі прадпрыемстваў.

14 ліпеня ён працягнуў даказваць карысць запрашэння ў Беларусь працоўных мігрантаў з гэтай краіны.

“Я паабяцаў прэзідэнту [Мірзіёеву], што мы гэта зробім. Нам гэта выгадна, — заявіў ён. — Такім чынам атрымае развіццё Віцебская вобласць. Мы будзем па-братэрску працаваць! Можаце не сумнявацца”.

Раней ён заяўляў, што Беларусь гатова прыняць на працу 100–150 тыс. спецыялістаў з Пакістана.

Агенцтва міграцыі Узбекістана будзе падбіраць кандыдатаў на працу згодна з патрабаваннямі беларускіх наймальнікаў

9 ліпеня, Позірк. Мінск і Ташкент запусцяць "новы механізм арганізаванага працаўладкавання", паведамляе прэс-служба Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Гэта вынікае з падпісанага 9 ліпеня ў Мінску кіраўніком ведамства Андрэем Лабовічам і міністрам замежных спраў азіяцкай дзяржавы Бахціерам Саідавым міжурадавага пагаднення …

Падзяліцца: