Мінск 17:06

Да абмежавання волі асуджаны жыхар Бабруйска, які сістэматычна збіваў пасынка

Ілюстрацыйнае фота: needpix.com

14 ліпеня, Позірк. Суд у Бабруйску (Магілёўская вобласць) прыгаварыў мясцовага жыхара да 1,5 года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (ПУАТ), мужчына прызнаны вінаватым у сістэматычным нанясенні пабояў пасынку 2017 года нараджэння (ч. 2 арт. 154 Крымінальнага кодэкса).

Як паведамляе Вярхоўны суд, абвінавачаны з траўня да лістапада 2025 года рэгулярна ўжываў фізічны гвалт у дачыненні да пасынка за розныя правіннасці.

Увосень 2025 года, пасля таго як дзіця без дазволу ўзяло грошы, што належалі айчыму, той ударыў яго “некалькі разоў рукой па галаве і твары”, а пасля “прымусова падстрыг і пагаліў галаву”. Таксама ён нанёс пасынку на лоб надпіс “Вор” на рускай мове маркерам. На наступны дзень, калі пабачыў, што надпіс сцёрты, ён паўторна нанёс яго і адвёў дзіця ў школу.

Адзначаецца, што класны кіраўнік вучня паведаміла пра гэта дырэктару школы, якая звярнулася ў міліцыю.

Пазней дзіця забралі з сям’і, было прызнана, што яно мае патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Штогод у Беларусі фіксуецца каля 80 тыс. паведамленняў пра хатні гвалт.

У верасні 2021 года Вярхоўны суд ліквідаваў міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Гендарныя перспектывы”, якое займалася праблемамі хатняга гвалту і палавой дыскрымінацыі.

9 сакавіка 2022 года Мінгарсуд ліквідаваў грамадскае аб’яднанне “Радзіслава”, якое дапамагала жанчынам, якія пацярпелі ад гвалту.

У Беларусі няма закона аб супрацьдзеянні хатняму гвалту. Праект адпаведнага дакумента распрацоўваўся некалькі разоў. У кастрычніку 2018 года чарговы варыянт рэзка раскрытыкаваў Аляксандр Лукашэнка, назваўшы яго “лухтой, што ўзятая найперш з Захаду”.

ДзяржСМІ замацоўваюць у прапагандысцкіх матэрыялах гендарную няроўнасць як сацыяльную норму.

Гл. таксама:

У суд накіраваная справа замежніка, які абвінавачваецца ў забойстве жонкі, спробе забіць пасынка і згвалтаванні падчарыцы

У Ваўкавыскім раёне мужчына пагражаў забіць маці, распачатая крымінальная справа

У Беларусі плануюць пашырыць падставы для прафуліку асоб, якія ўчынілі хатні гвалт

Падзяліцца: